Як у Беларусі працуе перапрацоўванне адкідаў?


Сучасныя тэхналогіі дазваляюць вырабляць з перапрацаванага смецця ледзьве не вопратку ці побытавыя тавары. А наколькі магчыма даваць другое жыццё таварам у Беларусі? Перапрацоўванне – гэта складаны і комплексны працэс, які складаецца з розных этапаў.

«Камунальныя адкіды першапачаткова трапляюць на лінію перапрацоўкі, потым іх дзеляць на фракцыі. Макулатура ідзе асобна, шклабой выцягваецца, адкіды пластмасы. Адбываецца падсартаванне, спрэсаванне, а потым усё паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы», – кажа Аляксей Піскун з арганізацыі «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».

Паводле звестак «Другаснага аператара матэрыяльных рэсурсаў», у 2019 годзе 22,6 % смецця ў Беларусі перапрацоўвалася. У 2020 годзе плануецца давесці гэтую лічбу да 25 %.

«На сённяшні момант практычна 100 % гарадскога насельніцтва ахопленае асобным зборам адкідаў. У іх ёсць магчымасць сартаваць смецце, асобна выкінуць у кантэйнеры збору другаснай сыравіны і атрымаць пэўнае ўзнагароджанне за сваю працу», – кажа Наталля Грынцэвіч, дырэктарка «Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў».

Эколагі сцвярджаюць, што перш-наперш варта не перапрацоўваць смецце, але намагацца не рабіць новага. І ў беларусаў, дарэчы, гэта няблага атрымліваецца.

«Сярод краінаў СНД мы на першых пазіцыях, калі параўноўваць з Расеяй, дзе ўвогуле бязмежжа, ва Украіне шмат праблемаў з асобным зборам адкідаў. Беларусь можа паказаць прыклад. Што датычыць краінаў Еўрапейскага Звязу, то мне параўноўваць вельмі складана, бо ў іх гісторыя стасункаў з адкідамі большая», – кажа эколаг Наталля Блашчык з арганізацыі Цэнтр экалагічных рашэнняў.

Цяпер у нашай краіне можна перапрацоўваць паперу, шкло, пластык, побытавую тэхніку, апоны, аліву і арганічныя адкіды. Гэты спіс можа пашырацца, мяркуюць эколагі.

«Адзін з такіх момантаў, дзе Беларусь мусіць развівацца, – пашыраць пералік адкідаў, якія трэба перапрацоўваць. Зараз ён у нас даволі просты і абмежаваны», – кажа Наталля Блашчык.

Сёння прадпрыемствы перапрацоўвання смецця створаныя практычна ў кожным рэгіёне Беларусі. А ў хуткім часе новы смеццеперапрацоўчы завод пабудуюць у Віцебску.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»