Як у Беларусі адзначаецца Міжнародны дзень студэнта


Сёння, 17 лістапада, ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень студэнта. Студэнты лічацца адной з найбольш актыўных частак грамадства. Але ў сёлетняй Беларусі яна пакутуюць ад шматлікіх рэпрэсіяў.

Былая студэнтка Аміра цяпер спявае тут кожны дзень. У кастрычніку яе адлічылі з Універсітэту культуры і мастацтваў. Яна страціла магчымасць і навучацца, і атрымліваць павышаную стыпендыю.

«Па афіцыйных прычынах я адлічаная за грубае парушэнне распарадку ўніверсітэту. На справе першае слова аб маім адлічэнні было пасля майго ўтрымання на Акрэсціна цягам пяці сутак, і кропка была пастаўлена пасля акцыі ва ўніверы, дзе мы размаўлялі з рэктарам», – кажа дзяўчына.

Аміру затрымалі падчас выступу ў пераходзе. Пра адлічэнне яна даведалася, калі не спрацаваў пропуск. Але пасля заяваў Лукашэнкі аб неабходнасці вярнуць адлічаных студэнтаў, Аміры патэлефанавалі з універсітэту.

«На пытанне, пры якіх умовах нас вернуць, нічога не было адказана. Тым не менш, гэта ўспрынялося як няправільны адказ. І патэлефанавалі ў першую чаргу тым, хто адразу сказаў: так, я не маю рацыю, я выпраўлюся. Астатніх пакінулі на потым», – расказвае Аміра.

Яна дагэтуль чакае званка з ВНУ, але вяртацца на любых умовах не гатовая. За час пратэстаў адлічылі каля трохсот студэнтаў. Колькі ж адноўленых і тых, хто выехаў за мяжу, невядома.

Дзмітрый Мазура быў адлічаны з універсітэту інфарматыкі. Ён з’ехаў, баючыся крымінальнага пераследу.

«Я ведаў, што мяне адлічаць, пытанне толькі, па якой прычыне. Асмеляцца яны напісаць, што адлічылі па палітычных прычынах, за грамадзянскую пазіцыю, ці нешта прыдумаюць? У выніку спаслаліся на тое, што я прапусціў больш за 30 дзён заняткаў», – расказвае Дзмітрый.

Студэнты МДЛУ масава выйшлі на акцыю салідарнасці 30 кастрычніка. Фота ТК/Belsat.eu

38 дзён хлопец правёў у ізалятары ў Жодзіне. Але ўніверсітэты не лічаць арышт важкай прычынай для пропускаў. Дзмітрый кажа, што хоча вярнуцца ў Беларусь:

«Адразу ж, як гэты нікчэмны рэжым падзе, я ўсё кідаю і прыязджаю».

Шмат хто са студэнтаў, якія працягваюць навучацца, распавядае пра ціск з боку кіраўніцтва ВНУ за выказванне палітычнай пазіцыі. Але ціснуць не на ўсіх.

«Гэта актывісты БРСМ. І дзяўчынка, яна старшыня прафкаму ва ўніверсітэце. Яны проста сядзяць ціха», – на ўмовах ананімнасці расказвае студэнтка аднаго з ВНУ.

Пратэставыя акцыі ў беларускіх універсітэтах праходзяць рэгулярна. Сёння моладзь выйшла таксама: нагадаць, што сёлета Дзень студэнта не свята, а Дзень памяці і салідарнасці.

«Студэнты – гэта апошняе жывое і актыўнае, што засталося ва ўніверсітэтах. Таму што выкладчыкі знаходзяцца на дастаткова бяспраўным становішчы», – лічыць выкладчыца ўніверсітэту культуры Ліля Ілюшына.

Пры гэтым усплёск студэнцкай актыўнасці выкладчыца не звязвае з цікавасцю да палітыкі. Прычына ў тым, што знікла пачуццё бяспекі. Паводле яе, крызіс вышэйшай школы толькі паглыбляецца:

«Ці гатовыя абітурыенты будуць паступаць у ВНУ, які так лёгка адлічвае сваіх студэнтаў? Прычым вельмі многія – сапраўды найлепшыя студэнты».

Адзінае, што застаецца адлічаным студэнтам, якія не з’ехалі з Беларусі, знаходзіць спосаб зарабляць грошы ды спадзявацца, што адукацыя ў роднай краіне ім будзе даступная.

«Пажадай мне ўдачы ў баі»…

Алена Дубовік belsat.eu