Як беспрацоўных падманваюць у цэнтрах занятасці


Светлагорск – тыповы беларускі райцэнтр, у якім жывуць каля 70-ці тысяч чалавек. Праблемы тут, зрэшты, таксама тыповыя для ўсяе краіны. У адрозненне ад афіцыйнай статыстыкі, якая рапартуе пра амаль адсутнае беспрацоўе, светлагорцы цвердзяць: працу знайсці папросту нерэальна – нават з дапамогаю Цэнтру занятасці.

Беспрацоўныя скардзяцца

«Яны пішуць, што вакансія ёсць. Прыходзіш туды, а там гавораць, што ўжо з траўня людзей набралі і не ведаюць, чаму цэнтр занятасці яшчэ не зняў»,

«Было такое, што ўжо шмат людзей набраныя – і ўсё, што яны мне скажуць? Усё, не патрэбныя людзі! Працу знайсці, зрэшты, можна, але толькі за Br 100-200»,

«Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што толькі дармаед не можа знайсці працу? Ну, я не ведаю, хай шукаюць тады. Ну, працу можна знайсці на Br 100-180. Больш – не»,

– распавялі «Белсату» жыхары Светлагорску.

Імітацыя дзейнасці, падман і прыгожая статыстыка

А таму шукаць дармаедаў, на якіх падаткавікі распачалі сапраўднае паляванне па краіне, варта найперш менавіта ў… Цэнтрах занятасці, перакананы мясцовы праваабаронца Васіль Палякоў. Чыноўнікі, паводле Палякова, папросту імітуюць вірлівую дзейнасць, накіроўваючы людзей на ўжо занятыя або і ўвогуле няісныя вакансіі.

«Бываюць яшчэ выпадкі, вядомыя, калі накіроўвалі на працу, якая не прымальная для чалавека, каб ён сам адмовіўся. А калі некалькі адмоваў, то яны здымаюць яго з уліку – і гэта развязвае для іх праблему, і можна паставіць сабе залік: маўляў, правялі працу, чалавека імкнуліся працаўладкаваць, але гэта скончылася анічым і гэта віна самога чалавека», – патлумачыў праваабаронца.

Каб не стаць дармаедам, трэба скардзіцца ўладам

Адзінае, што застаецца – гэта пісаць скаргі ў вышэйшыя інстанцыі, раіць праваабаронца, або звяртацца ў суд. Што і зрабіў жыхар Светлагорску Сяргей Ярошык, якога з накіраваннем ад Цэнтру занятасці на руках папросту выгналі з аддзелу кадраў Заводу жалезабетонных вырабаў і канструкцыяў: маўляў, вакансія занятая, на яе ўжо набралі 10 чалавек.

У Цэнтры занятасці, куды вярнуўся абураны мужчына, інфармацыю пра занятасць вакансіі пацвердзіць адмовіліся.

«Я звярнуўся ў пракуратуру з просьбаю распачаць крымінальную справу супраць Цэнтру занятасці і заводу ЖБІК, бо яны займаюцца прыпіскамі: фальсіфікуюць ды імітуюць нібыта працоўныя месцы – людзі прыходзяць, і мы іх, маўляў, бярэм. А тыя, хто не паспеў, той спазніўся – накшталт мяне!», – падзяліўся Сяргей Ярошык.

Зрэшты, на справядлівасць суда Сяргей Ярошык асабліва не спадзяецца, а таму ўжо цяпер рыхтуецца абскарджваць яшчэ не агучаны вырак. Балазе часу ў мужчыны цяпер шмат. Як і ў паўтара мільёны іншых беспрацоўных беларусаў, якіх, у адрозненне ад мінулагодняй статыстыкі, сёлета ўлады папросту не заўважаюць.

Валер Руселік, «Белсат»