Як спыніць уцечку мазгоў за мяжу?


Усё больш беларусаў шукаюць заробку за мяжой. Паводле апытання, праведзенага «Белстатам», 88 тысячаў чалавек зарабляе на хлеб у замежжы. За год гэта лічба вырасла на 16 адсоткаў. Куды едуць беларусы, і што трэба зрабіць, каб спыніць уцечку мазгоў ды працоўных рук?

Рэальныя лічбы працоўнай міграцыі могуць быць у разы большыя. Эксперты мяркуюць, што за мяжою працуе кожны дзясяты працаздольны беларус. Гэта 400 тысячаў чалавек. Галоўным кірункам міграцыі застаецца Расея. Наступнаю паводле папулярнасці называюць Польшчу.

Луіза Рослан, фірма «PERSONEL SERVICE», Варшава:

«Толькі ў першым паўгоддзі польскія працадаўцы падалі 33 тысячы заяваў аб прыняцці на працу грамадзянаў Беларусі. Гэта ажно на 37 адсоткаў больш, чым у першым паўгоддзі 2017 года. Гэта значны рост».

Лічбы могуць сведчыць як пра рост міграцыі, так і пра змену яе кірунку. Усё больш беларусаў шукаюць працу не на Усходзе, а на Захадзе. Тысячы беларусаў прыязджаюць у Польшчу не на сезонную, а на сталую працу.

Колькасць офісных будынкаў у Варшаве за апошняе дзесяцігоддзе вырасла ў разы. І ў кожным з гэтых будынкаў можна знайсці беларускага працаўніка. Згодна з даследаваннямі, беларусы працуюць ужо ў кожнай дзясятай буйной польскай фірме.

Тыповы беларус, які працуе ў Польшчы, мае ад 26 да 40 гадоў і з‘яўляецца офісным працаўніком, будаўніком або кіроўцам. Наста прыехала ў Варшаву два гады таму і працуе ў лагістычнай кампаніі. У апошнія гады за мяжу з’ехалі шмат ейных беларускіх сяброў. Наста Самсоненка, кампанія «Asstra-Polska», Варшава:

«У Польшчы больш за ўсё. Таксама Чэхія і Нямеччына. Ведаю, што шмат людзей едзе ў ЗША, але сярод маіх знаёмых – не».

Шукаць працу за мяжою беларусаў прымушаюць нізкія заробкі. Калі сярэдні заробак у Расеі вышэйшы на траціну, то ў Польшчы ён большы ажно ў чатыры разы.

Жыхары Гомля:

«Я езджу ў Расею, я там працаваць і жыць хачу, бо там узровень жыцця лепшы нашмат».

«А што тут? Перспектывы ніякай, працуеш-працуеш, а толку ніякага, што зарабіў, тое і праеў».

«Не знаходзяць людзі працу, працы няма, вельмі цяжка працу знайсці».

Каб спыніць выезд маладых працаздольных людзей за мяжу, трэба адкрыць эканоміку для канкурэнцыі, стварыць незалежны суд, гарантаваць недатыкальнасць прыватнай уласнасці.

Аляксандр Ярашук, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў:

«Трэба распрацоўваць адмысловую праграму занятасці, перадусім гаворка ідзе пра стварэнне новых працоўных месцаў, а гэта азначае, што павінныя развівацца бізнес, любы – і малы, і сярэдні».

Аднак за 4 гады крызісу ўлады Беларусі на гэта так і не пайшлі. Выглядае на тое, што працоўная міграцыя ўраду нават зручная. Маўляў, хай беларусы едуць за мяжу і ўжо адтуль прывозяць грошы для сябе і сваіх сем’яў.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота Jaap Arriens, Reuters