Аб'ектыў 21.03.2019 Як «сонечныя людзі» знаходзяць сваё месца ў грамадстве?


У 14-гадовай Таццяны сіндром Даўна. Яна навучаецца ў звычайнай менскай школе. Ейная маці перакананая: у Беларусі павінна быць як мага больш інклюзіўных гурткоў ды імпрэзаў.

«Гэта павінна быць тое, дзе б нашыя дзеці маглі навучыцца паводзіць сябе ў грамадстве, сацыяльны рост павінен адбывацца нароўні са звычайнымі людзьмі. Інакш усё закончыцца тым, што нашыя дзеці сядуць удома і пасля смерці бацькоў адправяцца ў інтэрнат», – кажа маці Таццяны Кацярына Філанец.

Таму Кацярына аддала сваю дачку ў мадэльную школу. Там дзяўчынка адзіная з сіндромам Даўна.

«Вельмі роўнае стаўленне было і гэта крута-крута, бо вельмі цяжка знайсці на гуртках, каб стаўленне было да нашых дзяцей на роўных. Або з жалем ды залішняю апекай і турботамі пачынаюць з імі камунікаваць, або сегрэгуюць проста», – гаворыць Кацярына.

У сярэднім у свеце нараджаецца адная асоба з сіндромам Даўна на 700 чалавек. Беларуская статыстыка ж невядомая. Залішняя храмасома ўплывае на мысленне і фізічнае развіццё.

«Я магу з 80-адсоткавай упэўненасцю сказаць, што чалавек з сіндромам Даўна не зможа жыць самастойна, цалкам, я маю на ўвазе, ён не зможа заключыць угоду аб нейкіх пытаннях», – распавядае Алена Цітова, старшыня Цэнтральнага савету ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам».

Але шмат людзей з сіндромам Даўна могуць працаваць. Як, напрыклад, дваццацітрохгадовы Васіль. Чатыры гадзіны на дзень ён дапамагае на кухні гатэлю «Рэнесанс».

«Я працую з 1 сакавіка 2018 года, нядаўна быў 1 год, у кампаніі «Рэнесанс», хацелася б, каб мы выйшлі на сусветны рынак», – кажа Васіль Паўлікаў, які працуе старэйшым сцюардам.

Шмат якіх людзей з сіндромам Даўна пазбаўляюць дзеяздольнасці. І ўсе, хто жыве ў спецыялізаваным інтэрнаце, пазбаўленыя дзеяздольнасці, а, значыць, і магчымасці працаваць.

«За мяжой ёсць такі панятак, як «абмежаваная дзеяздольнасць». Мы за гэта змагаемся, каб ён быў у Беларусі, яго дасюль няма: або ты дзеяздольны, або недзеяздольны», – заўважае Алена Цітова.

Некамерцыйныя арганізацыі таксама імкнуцца, каб сонечных людзей не выключалі з грамадства.

Ува ўсім свеце ў гэты дзень людзі апранаюць на кожную нагу розныя шкарпэткі. Мэта акцыі – прыцягнуць увагу да людзей з сіндромам Даўна і выказаць павагу да іх і сваю талерантнасць.

Наста Кахановіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары