Як сілавікі спрабуюць запужаць народ


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у бліжэйшым часе разгледзяць законапраект аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы замежных амбасадараў. А яшчэ былі абяцанні пазбавіцца – цытата – фашысцкіх сімвалаў на вуліцах. Маючы на ўвазе бел-чырвона-белы сцяг. А як яшчэ сілавікі, верныя Лукашэнку, спрабуюць запужаць актыўных грамадзянаў?

У Кастрычніцкім судзе Віцебску пачаўся першы з працэсаў супраць удзельнікаў мірных шэсцяў у верасні – такіх крымінальных справаў тут прынамсі 6. Абвінавачанаму Андрэю Цімафеенку пагражае да 5-ці гадоў турмы за гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні службовай асобы. Суддзя – Сняжана Кіндзеева. Андрэй ужо два месяцы сядзіць у следчым ізалятары.

«Колькасць крымінальных справаў, палітычна матываваных, па Віцебску і Віцебскай вобласці значна большая, чым нам вядома. Гэта тыя справы, дзе мы аказваем прававую дапамогу затрыманым і тым, адносна каго завялі крымінальныя справы», – тлумачыць віцебская праваабаронца Таццяна Траццякова.

Андрэя Цімафеенку затрымалі за ўдзел вось у гэтым шэсці пратэсту 6-га верасня на віцебскай вуліцы Леніна непадалёк Летняга амфітэатру. Тады не было ніякіх масавых беспарадкаў.

«Калона пратэстуючых мірных грамадзянаў ішла па вуліцы. Нічога не ламалі, не грамілі. Ім перагарадзілі дарогу ці то працаўнікі міліцыі, ці то проста людзі ў камуфляжы. Без апазнавальных знакаў, не прадстаўляючыся. Калона спрабавала іх абыйсці. У гэты момант яго спрабавалі ці то схапіць… Але Андрэя абвінавачваюць у гвалце супраць міліцыянта», – распавядае Аляксандр, сябар абвінавачанага.

Насамрэч судзяць не за ўдзел у шэсці, а за актыўную грамадзянскую пазіцыю, кажа Аляксандр:

«Яны хочуць на гэтай справе адпрацаваць методыку, каб потым грамадзянаў прыцягваць паводле адпрацованай схемы пачкамі».

А гэта міліцэйскае відэа пра крымінальны пераслед двух жыхароў Маладзечна. Артыкул – «Арганізацыя і падрыхтоўка або актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак». Мужчынам пагражае да трох гадоў турмы за транспарант з патрабаваннем справядлівасці.

«За што былі затрыманыя? – За расцяжку плаката на скрыжаванні вуліц Вялікі Гасцінец і Хмяльніцкага».

Працягваецца і адміністратыўны пераслед: суды над затрыманымі – у нядзелю і панядзелак.

«У нядзелю затрымалі бацьку. Ён выйшаў у краму на Каменнай Горцы і праз паўгадзіны пачалі яму званіць – і тэлефон быў недасяжны», – распавядае Аксана, дачка арыштанта.

Напрыклад, у судзе Завадскога раёну сталіцы сёння ўсім пераважна давалі арышты – да 15-ці дзён.

«Звесткі працаўнікоў праваахоўных органаў схаваныя, што не прадугледжана працэсуальна-выканаўчым заканадаўствам. Гэтыя доказы не маюць ніякай юрыдычнай сілы, бо атрыманыя з парушэннем закону», – тлумачыць Сяргей Бевітаў, адвакат аднаго з арыштантаў.

Але ў масках і з фальшывымі прозвішчамі міліцыянты не толькі затрымліваюць грамадзянаў і даюць паказанні ў судах.

Нават фотарэпартаж з узнагароджання найлепшых працаўнікоў менскага АМАПу дзяржаўныя СМІ апублікавалі вось так – без галоваў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»