Як рыхтуюцца Бялынічы да Дня беларускага пісьменства


Бялыніцкі пісьменнік Юрый Несцярэнка звярнуўся ў мясцовы райвыканкам з просьбаю падтрымаць выданне ягонай кніжкі. Восемдзесят старонак загадак, казак і апавяданняў для дзяцей на беларускай мове

«Прыйшоў адказ, што фінансаваць няма магчымасці», – кажа пісьменнік Юрый Несцярэнка.

І гэта яшчэ не самае дзіўнае, што зрабілі ўлады падчас рыхтавання да Дня беларускага пісьменства, што пройдзе ў Бялынічах 6 верасня.

«Вельмі дзіўна выглядаў знос бібліятэкі, першае, што кінулася ў вочы да Дня пісьменства – знесці бібліятэку. Гэта нешта такое ненармальнае», – заўважае Юрый Несцярэнка.

Кніжку Несцярэнка выдаў і без падтрымання ўладаў, а вось бібліятэкары былі вымушаныя шукаць прытулку ў суседнім будынку кінатэатру «Зорка». Замест бібліятэкі цяпер вялікая плошча, там паклалі брук і паставілі сцэну. Пад знос трапіў і будынак Музею Бялыніцкага-Бірулі.

«Прычым як бы ў тэндары адзначаная рэканструкцыя, але яны проста яго знеслі і пабудавалі новы. То бок незразумелы таксама гэты варыянт. І выдаткавалі там каля 1 мільёна долараў на гэтае ўсё дзіўнае рашэнне», – кажа грамадскі актывіст Уладзіслаў Лістраценка.

Традыцыйна да свята рыхтаваліся паскоранымі тэмпамі. Таму брук у некаторых месцах ужо перакладалі, не без хібаў і роварная інфраструктура.

«Велаінфраструктура, груба кажучы, недапрацаваная, то бок яна перарывістая, не адпавядае стандартам, высокія бардзюры гэтыя засталіся», – кажа Уладзіслаў Лістраценка.

Прэтэнзіі мясцовых выклікала будоўля капліцы на Ільінскай гары – месцы старажытных могілак. Сёлета там выявілі больш за дзвесце пахаванняў. У выпадку выяўлення новых парэшткаў замоўца мусіў зноў звярнуцца да археолагаў, але не зрабіў гэтага.

«Фактычна ўсе тыя пахаванні, якія трапілі пад лесвіцу, пад гэты схіл пагорка, былі разбураныя», – пракаментаваў археолаг Аляксандр Вашанаў.

Што ж пра рыхтаванне да Дня беларускага пісьменства думаюць жыхары Бялынічаў?

«Напэўна, не вельмі добра гэта ўсё. Тое, што выкопвалі гэтыя косткі і ўсё астатняе, можа, яно там і не трэба, што яны там будуюць».

«У іншае месца перанеслі бібліятэку, але пажадана, каб месца было болей, бо там маленькая чытальная зала зусім».

«І дарогі, усё, і гай зрабілі прыгожа, цэнтр прыгожы зрабілі».

«Мы жывём на вуліцах, якія там ніжэй ад цэнтру, хацелася б, каб нас таксама не забылі і хаця б ну што-небудзь для нас таксама зрабілі».

Пасля Дня пісьменства жыхары Бялынічаў чакаюць «Дажынак», каб разабрацца з астатнімі праблемамі і выправіць усе хібы папярэдняга добраўпарадкавання.

Вольга Васільева, «Белсат»