Як Расея знішчае архіўныя звесткі пра сталінскія рэпрэсіі


У расейскіх архівах знішчаюцца звесткі пра рэпрэсіі гадоў бальшавіцкага тэрору. Хто і навошта пазбаўляецца ад дакументаў?

«Мяне забралі ў 39-м. Быў за мяжою – значыць, шпіён. Жонка, сын-студэнт… Вы ўяўляеце, што іх чакала?»

Інфармацыя пра людзей, якім давялося прайсці ГУЛАГ і пашчасціла выжыць, можа знікнуць назаўсёды. Сакрэтны загад, падпісаны ў 2014 годзе МУС, Мінюстам, ФСБ і іншымі расейскімі сілавымі службамі, загадвае знішчаць уліковыя карткі асуджаных.

«Ёсць следчая справа, якая заканчваецца момантам этапу чалавека. Яго судзілі – ён пайшоў далей. І што здарылася далей – вядома толькі з гэтых уліковых картак», – кажа Аляксандр Макееў з Музею гісторыі ГУЛАГу.

З некалькімі выпадкамі знішчэння картак сутыкнуліся як гісторыкі, гэтак і людзі, што шукалі ў архівах звесткі пра лёс сваякоў.

«Я думаю, што гаворка тут ідзе не пра нейкае татальнае зло або спробу ўсё знішчыць. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра банальны загад архівістам, які няправільна зразуметы», – мяркуе Аляксандр Макееў.

У савецкі час на вечнае захоўванне накіроўвалі толькі справы вязняў, якія памерлі ў лагеры. Калі ж чалавек вызваляўся, ягоную тэчку знішчалі, пакідаючы толькі ўліковую картку. У ёй фіксавалі перасоўванне вязня паміж лагерамі.

Паводле новых жа правілаў, картка знішчаецца пасля таго, як чалавеку споўніцца 80 гадоў. Спецыялісты спадзяюцца, што новы загад ужылі да дакументаў ГУЛАГу памылкова – бо знішчаць архівы забаронена.

«Для таго, каб нешта стала часткай архіўнага фонду, гэта нешта мусіць прайсці адпаведную экспертызу. Цяпер пытанне ў тым, ці праходзілі гэтыя карткі экспертызу, і ці стаяць яны на ўліку. Пакуль у нас няма больш поўнай інфармацыі, на жаль», – адзначае Макееў.

Паводле падліку «Мемарыялу», у гады бальшавіцкага тэрору незаконна асудзілі 12 мільёнаў чалавек – гэта амаль кожны дзясяты жыхар СССР. Вязні ГУЛАГа былі ледзь не ў кожнай сям’і. Знішчаць памяць пра іх нельга, перакананыя звычайныя грамадзяне.

Жыхары Томску кажуць:

«Напэўна, гісторыю нельга знішчаць».

«Архівы нясуць у сабе частку гісторыі, і рабіць гэтага нельга».

«Калі б не было такога масавага знішчэння найлепшых людзей нашага грамадства, то, магчыма, і развіццё было б зусім іншым».

«Нельга ж, каб нявінныя так і засталіся асуджаныя ні за што».

«Аб адным шкадую – гады. Так хочацца пажыць па-чалавечы і папрацаваць».

Тыя, хто прайшоў праз сталінскія лагеры, часта маўчалі пра гэта, баючыся за сваё жыццё і жыццё блізкіх. Пра перанесеныя імі пакуты могуць распавесці толькі пажоўклыя карткі. А знішчаць іх – значыць вырываць з падручнікаў гісторыі старонкі са страшным урокам, якога грамадства не вывучыла дагэтуль.

Аляксандр Папко, «Белсат»