Як расейская прапаганда маніпулюе перамогай


Дзень Перамогі – свята, якое вядомае кожнаму з дзяцінства. А таксама рана і ўрок гісторыі, якія варта памятаць. І гэта не падлягае сумневу. Урачыстасці прайшлі па ўсёй краіне. Рэкордна ў Берасці – ажно 30 тыс. удзельнікаў. Аднак туды, дзе павінна быць выключна пашана да подзвігу продкаў, улазіць прапаганда. І гістарычная праўда набывае небяспечных агрэсіўных колераў. Гэта афіцыйная палітыка Крамля. Але пад маскаю міра і памяці прарываецца яна і ў Беларусь.

Дзень Перамогі для Масквы выглядае як нагода дэманстрацыі сілы. Хаця на словах усё дзеля міру, якому пагражаюць.

«За новымі пагрозамі праступаюць усё тыя ж жахлівыя рысы: эгаізм і нецярпімасць, агрэсіўны нацыяналізм і прэтэнзіі на выключнасць», – заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Пра ўсё гэта сёння на міжнароднай арэне кажуць акурат у дачыненні самой Расеі, якая 9 траўня апранае маску памяці.

А тым часам пад ейнымі колерамі быў анексаваны Крым, а таксама пад яе падтрыманнем усцяж вядзецца вайна на Данбасе ды ў Сірыі.

Адзначае і Беларусь. Але без расейскае маштабнасці. Аляксандр Лукашэнка на плошчы Перамогі ў сталіцы ўскладаў кветкі разам з сынамі. Ён заявіў:

«Увесь савецкі народ зрабіў дастойны ўнёсак у перамогу над нацызмам, і дзяліць гэтую перамогу сёння недарэчна. Гэта гэтак жа балюча для яшчэ сёння жывучых ветэранаў, як і цалкам забывацца пра яе».

Забывацца, безумоўна, не варта. Але нельга замяняць гэты дзень і ў масавыя гулянні. Вось што кажа гісторык Ігар Кузняцоў:

«Гэта свята са слязамі на вачах. І калі мы добра ўдумаемся, то ўсё ж 90 % – гэта сляды смутку. Мільёны загінулых».

Кошт за Перамогу – больш за 52 мільёны загінулых за гады вайны толькі з краінаў СССР, кожны трэці жыхар Беларусі.

Разам з урачыстасцямі краіну ахапіла і тое, што атрымала назву «победобесіе».

Цяжка шукаць у гэткай народнай творчасці, кулінарных вынаходніцтвах і аздобах, а нават бодзі-арту пашаны і павагі да ветэранаў і іхнага подзвігу.

Пакуль Аляксандр Лукашэнка гаварыў пра сяброўства з Расеяй, праз сталіцу ішла акцыя «Несмяротны полк».

«Мы былі заўсёды з Расеяй, будзем з Расеяй. Без Расеі мы, як і іншыя невялікія народы, мала чаго вартыя», – адзначыў арганізатар акцыі Валерый Драко.

І гэта не адзіны небяспечны лозунг для незалежнасці Беларусі. На акцыі луналі савецкія сцягі, былі партрэты Леніна і Сталіна, а таксама штандары палітычнага руху НОД ды прадстаўнікоў руху «Русь маладая», якія з’яўляюцца крайнімі сейбітамі «рускага міра». Таксама ў калоне ў майцы гэтак званай ДНР Дзмітрый Лемяшонак, вядомы сваймі сепаратысцкімі настроямі.

«Белсат» гэтыя ўдзельнікі называюць ворагам, размаўляць не хочуць. А вось шараговыя ўдзельнікі акцыі хіба не ўсе разумеюць яе сапраўднага ідэалагічнага напаўнення.

Іншая справа, якое значэнне, напрыклад, у георгіеўскую стужку ўкладае сёння расейская прапаганда. Пад ёй адбылася тая ж анексія Крыму і ідзе вайна прарасейскіх сілаў на Данбасе.

«Нам кажуць: »Мы захаваем праўду пра вайну«. Не, мы захаваем фальсіфікацыю пра вайну. І, на жаль, праўду пра вайну часткова мы адкрылі, а большасць дакументаў гэтак да сённяшняга дня, не толькі ў Беларусі, само сабой, але і ў Расеі, зʼяўляюцца закрытымі. І таму, на жаль, як толькі нехта пачынае казаць праўду, яго тут жа вінавацяць у фальсіфікацыі гісторыі», – працягвае Ігар Кузняцоў.

Размова тут зусім не ідзе пра ўшанаванне памяці. Гульня прапаганды Днём Перамогі куды больш небяспечная.

Сяргей Падсасонны, belsat.euw