Як правільна пратэставаць за адмену падатку на беспрацоўе?


Роля інтэрнэту ў народным змаганні з ганебным дэкрэтам застаецца вельмі важнай. У сеціве людзі падпісваюць петыцыі, шукаюць парадаў ды публікавалі свае звароты да астатніх. Сярод блогераў зʼявіліся і тыя, хто адгаворвае беларусаў ісці на масавыя акцыі пратэсту, якія рыхтуюць прафсаюзы ды апазіцыя. Маўляў, індывідуальная барацьба будзе больш плённай. Але што можа хавацца за такімі публікацыямі?

Патрабаванне працы ды адмены ганебнага дэкрэту № 3

Пакуль апазіцыя рыхтуецца да маршаў недармаедаў, беларускія блогеры адгаворваюць беларусаў ад удзелу ў масавых акцыях пратэсту.

«Сябры, якія мітынгі, вы чаго? Гэта тыповая сістэмная фішка – сабраць дурняў усіх у адную кучу ды прымусіць рабіць тое, чаго вы рабіць не хочаце». – кажа блогер Яўген Пупырын.

Гэтак, як ён сам сябе называе, лектар-актывіст, спадар Пупырын на сваім «youtube-канале «Пазнавальнае ТБ» прапануе беларусам наўпрост ісці да чыноўнікаў, здымаць іх на відэа і патрабаваць афіцыйных дакументаў, якія пацвярджаюць статус дармаеда. А яшчэ – не падпісвацца пад агульнымі петыцыямі з патрабаваннем адмяніць дэкрэт нумар тры.

«Лепш вы разашліце 20 тысяч гэтых петыцыяў, складзіце самыя ці спампуйце. Разашліце іх, і хай яны патонуць у гэтым сваім бюракратычным ідыятызме», – мяркуе блогер.

Іншы блогер, Марат Мінскі, мяркуе, што плёну ад зваротаў не будзе

Як і ад сабраных на вуліцах подпісаў, звяртацца ж трэба наўпрост у ААН.

«І калі ў ААН атрымаюць 400 тысяч петыцыяў ад грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, яны самыя прыедуць да нас і скажуць: рабяты, рабяты, вы чаго?», – упэўнены Марат.

І дадае, што апазіцыя не здольная нешта зрабіць для звычайных грамадзянаў, а на дармаедах робіць сабе піяр.

З такім меркаваннем не пагаджаецца рэжысёр Юры Хашчавацкі

Аўтар фільма «Незвычайны прэзідэнт» падкрэслівае, што пад маскамі блогераў могуць дзеяць самыя ўлады, якія гэтак спрабуюць знізіць градус напружанасці ў грамадстве.

«Можна звярнуцца ў ААН. Гадоў 7 пачакаць, пакуль будзе рашэнне – там жа вялікая чарга. Таму ніхто нам не дапаможа, акрамя нас самых. Вось самыя сябе мусім выцягнуць, як Мюнхаузен, з балота», – даводзіць спадар Хашчавацкі.

Самы дзейсны спосаб – вулічныя акцыі пратэсту

17-га лютага «Марш недармаедаў» плануе былы кандыдат на прэзідэнцтва Мікола Статкевіч. Абʼяднаная грамадзянская партыя рыхтуе такую акцыю ў Менску, але на месяц пазней – 15-га сакавіка. З гэтае нагоды некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі заклікаюць абʼяднаць свае высілкі ў змаганні супраць дэкрэту аб дармаедах.

А ўжо 19-га лютага «Маршы недармаедаў», што ладзіць АГП пройдуць і ў рэгіёнах

Пры гэтым, не зважаючы на скептыцызм некаторых інтэрнаўтаў, у Пінску, Гомлі, Бабруйску ды іншых гарадах людзі абʼядноўваюць свае сілы не дзякуючы палітыкам, а самастойна, праз інтэрнэт, і разам працягваюць збіраць подпісы за адмену падатку, які беспрацоўныя мусяць заплаціць да 20-га лютага.

Віталь Бабін, «Белсат»

Viktor Drachev / TASS / Forum