Як працуе перапрацоўка адкідаў у Менску. Рэпартаж з заводу смецця


Штогод у Менску ўтвараецца больш за 700 тысяч тон цвёрдых камунальных адкідаў. Летась жыхары сталіцы сабралі 180 тысячаў тон другаснай сыравіны: шкла, паперы, пластыка ды іншых матэрыялаў.

Смецце з кантэйнераў яшчэ раз размяркоўваецца на чатырох сартавальных лініях. Завод «Спецкамунаўтатранс» побач з палігонам Трасцянецкім – адно з такіх месцаў.

Рэпартаж Насты Кахановіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 30 чэрвеня

«Адбіраюцца палімерныя адкіды, усе віды ПЭТ-бутэлькі, алюменівая банка, картон, плёнка.

Усё атрымліваецца з кантэйнераў для раздзельнага збору і дагружаем дадзеную вытворчасць змешанымі адкідамі для таго, каб загрузіць дадзенае прадпрыемства», – расказвае Аляксей Тарарук, кіраўнік вытворчасці УП «Спецкамунаўтатранс».

Агулам у сталіцы каля 12 тысячаў кантэйнераў для асобнага збору смецця. У некаторых частках гораду менчукі сартуюць у кантэйнеры адпаведныя віды адкідаў. Але так пакуль не паўсюдна.

«У другой частцы ў месцах, дзе ўтвараюцца ці стаяць гэтыя кантэйнеры, можа ўсё запар быць. І будаўнічае смецце, і нейкія арганічныя адкіды жыццядзейнасці нас з вамі» – кажа Аляксей Тарарук.

«Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» – арганізацыя, што наладжвае працэс абыходжання з другаснымі адкідамі. Дзяржаўная ўстанова запусціла рух «Мэта 99». Ідэя руху: максімальна перапрацоўваць смецце і зменшыць колькасць адкідаў.

«Лозунг у нас: вазьмі на адзін пакет менш. То бок, перш чым купіць нейкі прадукт – падумайце: трэба вам яго запакаваць або не. А як гэта зрабіць: можна ўзяць сваю торбу, экаторбу, што пашытая, або фруктоўку для садавіны», – кажа Наталля Бурая, вядучая спецыялістка «Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў».

Штогод на заводзе адбіраецца каля 30 тонаў другаснай сыравіны. Гэта каля траціны ад усяго смецця, якое трапляе на «Спецкамунаўтатранс».

Тое, што не перапрацоўваюць, захоўваецца тут – на палігоне Трасцянецкім. Яго плануюць зачыніць да 2022 года. Адначасова з гэтым мусіць запрацаваць новы завод – спальвання смецця побач з палігонам.

А зменшыць колькасць смецця на адмысловых палігонах можа кожны з нас: сартаваць смецце ды не набываць тавараў у пакаванні, што не перапрацоўваецца.

Наста Кахановіч, «Белсат»