Як перажыць вымушаную ізаляцыю падчас пандэміі каронавіруса


Танцы на балконах пад каранцінны блюз. Каб не паддаваць сябе і слухачоў рызыцы заражэння каронавірусам, ізраільскія саксафаністы зладзілі ў Тэль-Авіве міні-канцэрт на адкрытым паветры.

«Мы проста хацелі зрабіць людзей трохі больш шчаслівымі ў гэтай цяжкой сітуацыі. Мы аддаем нашае сэрца ўсяму свету ў гэтай сапраўды складанай новай сітуацыі. Але важна захоўваць крыху шчасця, асабліва з дапамогаю музыкі», – упэўнена саксафаністка Ярдэн Кляйман.

Пакой, калідор і кухня ўласнай кватэры ў Вене замянілі залу для рэпетыцыяў Людміле Канавалавай. Вядомая расейская балерына, прыма Венскай дзяржаўнай оперы, падтрымлівае сябе ў форме, каб пасля доўгай вымушанай паўзы быць гатоваю зноў выйсці на сцэну і падарыць людзям радасць сваім танцам.

«Мы ўсе ў аднолькавым становішчы. Я намагаюся глядзець на гэтую сітуацыю з пазітывам. Гэта залежыць толькі ад нас – уваходзіць у дэпрэсію і негатыў ці правесці гэты час з карысцю», – кажа Людміла Канавалава.

Два дзясяткі вучняў – на экране ноутбука. Падчас заняткаў па англійскай мове ў віртуальным класе галоўнае – кожнага заўважыць, і гэта даволі складана, прызнаецца настаўніца двухмоўнай парыжскай школы Кэрал Дэтэмпл:

«Гэта стамляльна – больш як заняткі ў класе. Гэта вельмі расстройвае, бо яны не бачаць сваіх сяброў і мы не бачым нашых вучняў, а мы, настаўнікі, любім бачыць сваіх вучняў».

Вяртання на звычайныя заняткі ў школу чакаюць і навучэнцы.

«Да прыкладу, гэта таксама абдымкі, па якіх я сумую. Гэта гучыць недарэчна, але я прывыкла абдымацца з сябрамі, размаўляць з імі тварам у твар», – гаворыць школьніца Флявія Банэн.

Зачыненыя праз каранцін школы, крамы і ўстановы, прыпыненыя імпрэзы. Аднак жыццё ў час пандэміі не спыняецца. Мажлівасць кантактаваць дае тэхнічны прагрэс. А ратуюць ад самоты і дэпрэсіі адкрытыя людскія сэрцы.

«Усяго добрага! Убачымся на наступным тыдні!» – развітваеццца па-ангельску са сваім вучням Кэрал Дэтэмпл.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Фота: MANUEL SILVESTRI / Reuters / Forum