Аб'ектыў 10.01.2019 Як пазбегнуць няшчасных выпадкаў на цюбінгу?


Айчынную медыяпрастору скалыхнула навіна з Магілёва. Падчас катання з высачэзнай гары ў цэнтры гораду загінуў 24-гадовы хлопец.

«Сам чалавек туды пайшоў, сам пачаў катацца, сам разбіўся. Ніхто яго туды не прымушаў ісці».

«Тут стаяць знакі забаронныя, што тут забаронена катацца з горак. І кожны адказвае тут за сваё здароўе».

«Ёсць месцы бяспечныя – ды, калі ласка, катайцеся. А тут, калі сюды паглядзець, ну мне страшна нават проста глядзець. Хто тут дадумаўся катацца на цюбінгу – я не ведаю», – каментуюць жыхары Магілёва.

Паводле адмыслоўцаў, прычына ўсіх няшчасных выпадкаў з цюбінгамі ў першую чаргу – парушэнне тэхнікі бяспекі. Юлія Суравец, прадавец-кансультант «drive-sport.by»:

«Горка не павінная сканчацца ні чыгуначнымі шляхамі, ні праезнай часткаю, ні рэкамі ці азёрамі, павінная быць вольная прастора для манеўраў у канцы схілу. Пасля горку трэба праверыць на наяўнасць выбоінаў, ямак, чагосьці, што будзе тырчаць са склону, і, адпаведна, пры катанні цюбінг за гэта можа зачапіцца і яго можа ў выніку павесці. Дзеці ды падлеткі да 18 гадоў мусяць катацца толькі пад наглядам бацькоў».

У цюбінгу можна ездзіць толькі па адным, моцна трымацца за ручкі прылады, а дзецям рэкамендуюць мець шлем, накаленнікі ды налакотнікі. Яшчэ адное правіла – чалавек у любы момант мусіць мець магчымасць затармазіць нагамі. Жыхары Менску гавораць:

«З гэтай горкі, вунь, можна ў дрэва ўехаць. А вунь староннія прадметы валяюцца. Гэта ж небяспечная штука».

«Трэба, каб дарослы нехта быў. Во, бачыце, як яны лятуць».

«Горак шмат, але непрыстасаваныя. Я сама бачыла, як дзяўчынка ляцела і ў дрэва стукнулася галоўкай».

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, з пачатку зімы ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі з траўмамі, атрыманымі пры катанні з горак на цюбінгах, звярнуліся больш за 100 дзяцей. А два чалавекі загінулі. Аднак справа не толькі ў неабачлівым стаўленні людзей.

«Вельмі хацелася б, каб у кожным раёне былі адмыслова абсталяваныя горкі, каб бацькам з дзеткамі не трэба было кудысьці ехаць далёка або катацца на неабсталяваных схілах. Вось як, напрыклад, ёсць вадаём, каля вадаёму ёсць спіс правілаў, дзе ўсё прапісанае – як купацца, у чым купацца. Тое ж самае павінна было б быць, абсталяваныя месцы», – кажа Юлія Суравец, прадавец-кансультант «drive-sport.by».

Вось толькі не ўсе да гэткіх парадаў прыслухоўваюцца.

Цюбінг – гэта сапраўды класная забава! І не толькі для дзяцей, але і для дарослых. Аднак, як і ў любой справе, варта сачыць за тэхнікаю бяспекі.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары