Як пад капірку. Сёння зноў судзілі журналістаў


Гэтак скончыўся стрым «Белсату» 12 верасня: журналістаў Кацярыну Андрэеву і Максіма Калітоўскага затрымліваюць, яны пагаджаюцца ісці ў машыну. А сёння іх судзілі за непадпарадкаванне загадам праваахоўнікаў і працу без акрэдытацыі.

Таксама судзілі і журналістаў Аляксандра Васюковіча, Марыну Драбышэўскую, Уладзя Грыдзіна, Ягора Калягіна ды Ірыну Купцэвіч. Усе суды праходзяць як пад капірку: суддзі адныя і тыя ж, апытанне журналістаў праз «Скайп», у якасці сведкаў абвінавачання – міліцыянты. Прысуды Кацярыне Андрэевай і Максіму Калітоўскаму ідэнтычныя: за працу без акрэдытацыі – штраф 50 базавых, справу аб непадпарадкаванні адправіць на дапрацоўванне. Журналістаў вызвалілі, але да суда яны правялі трое содняў на Акрэсціна.

«У нас было пяць дзяўчат на чатыры ложкі. Вельмі брудная прыбіральня. Калі прыходзілі на абход ранішні, выводзілі з камеры і казалі: рукі да сцяны, рукі за спіну». Гэта нічым не адрознівацца ад турэмнага рэжыму», – расказвае Кацярына Андрэева.

«У пратаколе было напісана, што я ўцякаў. Але і на стрыме відаць. Я нікуды не ўцякаў. Мне сказалі: пройдзем. Які сэнс уцякаць кудысьці?», – дзеліцца Максім Калітоўскі.

Максіма Калітоўскага за апошні месяц затрымліваюць трэці раз, Кацярыну Андрэеву – другі. Журналістаў «Белсату» традыцыйна вінавацяць у працы без акрэдытацыі паводле артыкулу 22.9 КаАП РБ і ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах – 22.34.

«Вытрымаць гэта можна. І я сабе сказала, што я буду трымацца. Я вытрымаю дзеля маёй працы. 1.50-54 Цяпер ідзе наступ на ўсіх журналістаў, мы бачым, што калегам даюць содні», – лічыць Кацярына.

Учора затрымалі журналіста Яўгена Меркіса і Марыну Драбышэўскую. Сёння Марыну асудзілі на 10 содняў. Нават наяўнасць акрэдытацыі ўжо не дае гарантыяў спакойнай працы. Рэгулярна затрымліваюць журналістаў акрэдытаваных СМІ, якія працуюць у камізэльках і з пасведчаннямі. Сёння на 15 дзён асуджаны журналіст «Прессболу» Сяргей Шчурко.

«Гэтыя запалохванні не працуюць, кропкавае паляванне на журналістаў не працуе. Мы будзем сваіх падтрымліваць», – дзеліцца калега Сяргея Таццяна Лукашэвіч.

Практыкуюць над калегамі і экспрэс-суды. Сёння затрымалі на працэсе ў свайго брата і праз некалькі гадзінаў асудзілі журналістку Ірыну Купцэвіч. Яе прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 6-га верасня і аштрафавалі на 10 базавых. Ірына кажа, што не рабіла нічога кепскага:

«Я рэалізоўвала сваё права на мірныя сходы, не парушала парадку».

Да гэтага часу не вядома, ці выпусцяць журналістаў Аляксандра Васюковіча, Уладзя Грыдзіна, Ягора Калягіна. Суды над імі прайшлі, справы адправілі на дапрацоўванне, але журналісты дасюль застаюцца на Акрэсціна.

Алена Дубовік, «Белсат»