Як пʼянае міліцэйскае начальства рассякае па беларускіх дарогах


Летась трагічны выпадак каля вёскі Дарава ў Ляхавіцкім раёне. Гэтым разам смяротную пагрозу іншым людзям стварыў яшчэ адзін высокапастаўлены працаўнік Міністэрства ўнутраных справаў, начальнік Столінскага раённага аддзелу ўнутраных справаў падпалкоўнік Вячаслаў Філіпчык.

«Мы бачым, што пʼяныя за стырно садзяцца не шараговыя міліцыянты, а начальства, у гэтым выпадку раённых гарадоў», – падкрэсліў былы следчы Алег Волчак.

Начальніка звольняць з МУС

Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў, Філіпчыка затрымалі 22-га красавіка ў вёсцы Галева Пінскага раёну. Начальнік Столінскага РАУСу быў у той час у адпачынку. Наколькі пʼяны быў праваахоўнік, пакуль не паведамляюць. З афіцыйных крыніцаў вядома, што затрыманне адбылося падчас планавага рэйду. На падзею ўжо афіцыйна адрэагавала МУС.

«Акрамя самага жорсткага пакарання, згодна з адміністратыўным заканадаўствам, гэтага працаўніка звольняць з органаў унутраных справаў», – пракаментавалі выпадак у Міністэрстве ўнутраных справаў.

Міністр Шуневіч: «Такога прэцэдэнту няма і не будзе»

МУС сцвярджае, што выяўленне парушальнікаў сярод працаўнікоў праваахоўных органаў асабіста кантралюе міністр Ігар Шуневіч. Летась кіраўнік ведамства заявіў наступнае.

«Ніводны супрацоўнік МУС, які парушыў дысцыпліну, быў у стане алкагольнага апʼянення не толькі за стырном, але і на службе, – не застаўся ў органах»

Заява Шуневіча прагучала неўзабаве пасля інцыдэнту з удзелам выканальніка абавязкаў кіраўніка Баранавіцкага ДАІ Андрэя Валкавыцкага, які, кіруючы аўтамабілем у нецвярозым стане, збіў жанчыну каля вёскі Дарава.

Былога міліцыянта асудзілі на сем гадоў калоніі

«Я думаў, што пасля гэтага Дарава будзе нейкі канкрэтны наезд, пройдзе вялікая планёрка ў МУС, загадаюць як сябе паводзіць. Але мы бачым, што праходзяць 2 месяцы і адбываюцца тыя ж самыя парушэнні», – звярнуў увагу спадар Волчак.

Праблема нашмат шырэйшая

«Праблема беспакаранасці міліцыі нашмат шырэйшая. На нашых вачах фабрыкуюцца крымінальныя справы, уся краіна бачыць, як міліцыянты даюць фальшывыя паказанні ў судзе, фабрыкуюць пратаколы і абкладаюць велізарнымі штрафамі», – кажа падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў.

Адкрытыя дагэтуль застаюцца пытанні: ці ведае грамадства пра ўсе падобныя выпадкі? Якую адказнасць за парушэнні нясуць людзі ў пагонах? Тут можна сумнявацца. МУС застаецца адной з самых закрытых ад грамадства структураў. А «прыгоды» міліцыянтаў выходзяць на святло пераважна дзякуючы працы медыяў.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: media-polesye.by