Як не журыцца ў зняволенні


Фітнес-трэнерка Кацярына Макарэвіч займаецца спортам штодня, таму калі пасля жаночага маршу яе асудзілі на 12 содняў, яна працягнула трэніроўкі ў зняволенні.

Спорт дапамагаў сагрэцца, зняць стрэс, разняволіць цягліцы ды палепшыць настрой. Да трэніровак далучылася ўся камера, падчас прагулак жанчыны адмаўляліся ад палення на карысць фітнесу. Выкарыстоўвалі падручны інвентар.

«Калі ў перадачцы я атрымала трохлітровую бутэльку вады, я вельмі ўзрадавалася, бо гэта такое уцяжаленне для мяне было, замест гантэляў выкарыстоўвала. Лаўкі, якія ёсць у камеры, ложкі – таксама можна выкарыстоўваць», – кажа Кацярына Макарэвіч.

Выйшаўшы на волю, Кацярына распрацавала комплекс практыкаванняў пад назваю 23.34, які выклала ў сваім блогу «Тело за дело» – для ўсіх, хто рызыкуючы свабодай, выказвае грамадзянскую пазіцыю.

Філосафка Вольга Шпарага выкладае студэнтам у «Еўрапейскім каледжы «Лібэрал артс». У Жодзінскім ізалятары, дзе яна правяла 12 содняў, аўдыторыя аказалася не менш цікаўнай за студэнцкую. У камеры Вольга прачытала курс з пяці лекцыяў, распачала з самай важнай тэмы – чалавечай годнасці, а потым распавядала сукамерніцам пра экзістэнцыялізм, фемінізм, псіхааналіз. Слухачкі курсу нават атрымалі сертыфікаты.

«Калі я думаю, калі я пішу, калі я абмяркоўваю, то прыходжу ў спакойны стан. Я магу кантраляваць свае пачуцці і думкі і дапамагаць іншым. Тое, што мае сукамерніцы таксама пачалі весці нататкі, разважалі, гутарылі, – мне здаецца, гэта адзін з самых годных адказаў на гэтую складаную сітуацыю», – кажа філосафка Вольга Шпарага.

Мастачка Надзя Саяпіна пачала замалёўваць турэмную рэчаіснасць, калі атрымала ў перадачы каляровыя алоўкі. За 15 содняў арышту яна стварыла дзясяткі партрэтаў сукамерніц, сярод якіх былі айцішніцы, ветэрынар, блогерка, масажыстка, спявачка, і з дзяўчатамі ўзніклі сястрынскія стасункі. Камеру мастачка ўяўляла як «Лялечны домік» – гэтак яна і назвала цыкл партрэтаў:

«Мы ўсе ператвараемся ў дзяцей у гэтых умовах, бо ў цябе няма самастойнасці, ты нічога не вырашаеш, у цябе ёсць умоўныя дарослыя, якія могуць быць маладзейшыя за цябе, калі мы кажам пра ахоўнікаў. Плюс вы пачынаеце, як у дзяцінстве, дзяліцца нейкімі сакрэтамі дзявочымі, дапамагаць адна адной мыць валасы, гэта падобна на дзіцячыя гульні ў цырульню ці ў касметычны салон», – кажа мастачка Надзя Саяпіна.

Праект «Лялечны домік» Надзі Саяпінай да 7-га лістапада экспануецца на выставе беларускага пратэставага мастацтва ў Амстэрдаме.

Аляксандра Дорская, «Белсат»