Як не заплаціць за лоўкост у тры разы болей?


Усяго 10, 20, 30 еўраў – і ў вас у кішэні білет на самалёт, напрыклад, у Вену ці Парыж. У Еўропе рынак авіяпералётаў упэўнена заваёўваюць бюджэтныя авіялініі. Вось толькі такая бюджэтнасць патрабуе ад пасажыра быць уважлівым і гатовым заплаціць амаль у тры разы болей.

Бюджэтныя авіялініі – напэўна, адзін з асноўных спосабаў падарожнічаць па Еўропе. Хутка, камфортна і даступна.

«Здаецца, я заплаціў за білет 36 еўра».

«Я дадаткова аплаціла гарбату і магчымасць адмяніць браніраванне. Гэта яшчэ 9,5 еўра», – кажуць пасажыры лоўкосту.

Вось так пакрысе да кошту білету дадаецца аплата багажу і, напрыклад, магчымасць сядзець побач са сваім спадарожнікам. За шклянку вады альбо кавы на борце таксама давядзецца заплаціць.

«Мне здаецца, што мы дазваляем сабе больш, паколькі білеты былі танныя. Так што мы проста атрымліваем асалоду», – гаворыць пасажыр рэйсу Парыж-Вена.

Менавіта праз дадатковыя паслугі, як падлічылі французскія журналісты, кошт пералёту можа павялічыцца амаль у тры разы. Каля 80 адсоткаў пасажыраў рэйсу карыстаюцца хаця б адной дадатковай паслугай.

«Мы заплацілі за магчымасць сядзець побач. Але гэта наш выбар», – кажа пасажыр рэйсу Парыж-Вена.

Менавіта магчымасць выбіраць моцна прываблівае падарожнікаў, запэўніваюць кіраўнікі бюджэтных авіяліній. Карлас Муньес, гендырэктар Volotea:

«10, 20 гадоў таму ўсе гэтыя паслугі былі ўключаныя. Так, было прасцей, аднак значна даражэй. Сёння, каб прапанаваць насамрэч канкурэнтаздольныя кошты, як у нас, вы павінны прапанаваць пасажырам выбар. Мне здаецца, што большасць людзей хочуць мець выбар, а не плаціць за функцыю «усё ўключана».

Але, як сведчыць статыстыка, пасажыры ўсё роўна плацяць за камфорт свайго падарожжа. І з кожным годам – усё больш. За апошнія 8 гадоў продаж апцыёнаў – неабавязковых для куплі паслуг – вырас у чатыры разы, а агульны сусветны абарот такіх дадаткаў складае 81 мільярд еўраў.

Анастасія Русецкая, Ігар Віняўскі, Юлія Цяльпук, belsat.eu