Як не плаціць за ЖКГ паводле дармаедскіх тарыфаў?


Улады Беларусі працягваюць пакуль марнае змаганне з гэтак званымі дармаедамі. Чыноўнікі ўрэшце паведамілі, на колькі і за якія паслугі вырастуць сумы ў жыроўках беспрацоўных. Менавіта павышэннем коштаў на паслугі ЖКГ для беспрацоўных улады хочуць так бы мовіць «дапамагчы людзям працаўладкавацца». Але ці магчыма гэта ў сённяшняй Беларусі?

Жыроўкі шчасця чакаюць дармаедаў! Ноу-хау ад Міністэрстваў працы і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўжо паўсюдна рэкламуюць беларускія чыноўнікі.

«Нашым заканадаўствам прадугледжана, што налічэнне аплаты паводле субсідаваных тарыфаў даецца грамадзянам як бы з ільготаю з боку дзяржавы. І атрымліваецца, што ў дадзеным выпадку грамадзянін не выплачвае нейкіх там плацяжоў. Таму ільгота дадзенай катэгорыі грамадзянаў не будзе давацца», – тлумачыць Жанна Папучэева з міністэрства ЖКГ.

Гэтак, ужо з пачатку наступнага году аплачваць на сто адсоткаў тарыф за гарачую ваду давядзецца дармаедам, якія ёсць уласнікамі жытла (то бок жыроўкі прыходзяць на іхнае імя). Калі ж беспрацоўны жыве не адзін, то плаціць больш ён будзе толькі за сябе – суму падзеляць на ўсіх жыхароў.

А вось калі кватэра зарэгістраваная на асобу, якая працуе, а беспрацоўны проста ў ёй прапісаны, плаціць за гарачую ваду, ацяпленне і газ у сярэднім на 50-100 рублёў больш яму не давядзецца. Адсюль і шмат спосабаў абмінуць дзеянне дэкрэту – перааформіць жытло на сваяка, які працуе, ці то прапісацца ў дамах без гарачай вады і цяпла (напрыклад, на лецішчы).

«Напэўна, трэба было б перакуліць піраміду такім чынам, каб у краіне ствараліся новыя працоўныя месцы, а не шукалі ўсялякую магчымасць прымушаць чалавека да працы, нават тады, калі няма ніякіх працоўных месцаў», – мяркуе Аляксандр Ярашук з Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Але ж афіцыйна чыноўнікі хочуць «не ўзяць грошы з людзей, а дапамагчы ім працаўладкавацца». «Хіба што за мяжою?!» – здзіўляюцца апытаныя намі жыхары Віцебску.

А дзяржава тым часам змагаецца з беспрацоўнымі ды бачыць у іх абліччы выключна ворагаў народу. Маўляў, няхай лепш тыя працуюць за капейкі, але на ланцугу кантракту. Гэтак прасцей кантраляваць.

«Чаму ў нас дзяржаўная эканоміка на 80 адсоткаў? Таму што кожнага чалавека можна палітычна кантраляваць на месцы працы – не працягваць кантрактаў. Ёсць ідэолагі, а для вялікіх заводаў ёсць свае аддзелы КДБ», – кажа палітык Мікалай Статкевіч.

Спіс не занятых у эканоміцы беларусаў мае з’явіцца да 1-га снежня, пасля чаго дармаедам пачнуць высылаць адпаведныя паведамленні. Пра магчымыя памылкі чыноўнікі кажуць ужо цяпер, ды абяцаюць хуткае абскарджанне рашэнняў. А скаргаў можа быць шмат – хаця б таму, што працаўладкаваных за мяжою або студэнтаў, якія навучаюцца не на радзіме, аўтаматычна запішуць у дармаеды. Даказваць статус «недармаеда»давядзецца адпаведным дакументам.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»