Як не мерзнуць ды не слізгаць на ровары ўзімку?


У Новы год – на ровары! 2 студзеня сталічныя раварысты смела выправіліся на святочныя катанні. Як ездзіць узімку і не мерзнуць ды не слізгаць?

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Зіма і святы не сталі перашкодаю. Каля 30 чалавек сабраліся на роварны шпацыр па самых прыгожых сталічных ялінках. Нечаканы выходны, пра які стала вядома за 2 тыдні да новага года, – выдатная нагода для сустрэчы на двух колах:

«Менскае роварнае таварыства заўсёды ладзіць класныя роварныя падарожжы, на якія трэба абавязкова прыязджаць. Тым болей 2 студзеня, святы! Чаму б і не пакатацца?»

«Я шмат езджу на ровары і вырашыла далучыцца. Для мяне гэта, так бы мовіць, упершыню ў такім фармаце, з Менскім роварным таварыствам. Вельмі захацелася паспрабаваць».

«Я планаваў і 1 студзеня адправіцца ў роварнае падарожжа, але ўчора быў заняты хатнімі справамі, святкаваннем. Увогуле роварны сезон у сапраўдных раварыстаў не сканчаецца, а цягнецца круглы год».

Дырэктарка Менскага роварнага таварыства, якое арганізавала імпрэзу, Настасся Янчэўская ўпэўненая: катацца на ровары можна круглы год. Трэба толькі прытрымлівацца пэўных правілаў.

«Для гэтага трэба замяніць шыны на зімовыя, часцей чысціць ланцуг, змазваць, змываць бруд. Пасля правесці тэхнічнае абслугоўванне ровара», – распавядае яна.

І самае важнае – цёпла апрануцца перад паездкаю. Сёння ўдзельнікі выправіліся ў падарожжа на чале з экспертам у гэтых пытаннях – Дзедам Марозам.

«Паедзем на ялінкі, пабачым дзяцей, падорым ім свята. Бо гэта самае прыемнае, што можна зрабіць у жыцці», – кажа Дзед Мароз.

Навагодняе падарожжа Менскае роварнае таварыства ладзіць ужо пяты раз. Фармат штогод застаецца нязменны – удзельнікі ездзяць па розных месцах Менску і потым збіраюцца на супольную вячэру.

«Мы гэта робім, каб паказаць, што раварыстаў, нягледзячы на зіму, шмат у горадзе, што мы выдатныя і вясёлыя дзецюкі, і да нас можна далучыцца. Больш за гэта – для нас абавязкова трэба ствараць інфраструктуру, каб мы не заміналі ні пешаходам, ні аўтамабілістам», – сцвярджае Настасся Янчэўская.

У хуткім часе ахвотныя могуць зноў выправіцца ў зімовае роварнае падарожжа. Наступнае Менскае роварнае таварыства плануе зладзіць ужо 14 лютага.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu