Як Наталля Качанава без чаргі атрымала ўласнае жыллё ў Драздах


10, 15, а тое і 20 гадоў у чарзе. Пасля гэтак званы ільготны крэдыт, пад адсоткі, вышэйшыя, чымся ў нашых заходніх суседзяў звычайныя пазыкі. Прыкладна гэтак у сотняў тысячаў беларусаў выглядае шлях да ўласнага жытла. Што праўда, шлях гэты як аказалася можна значна скараціць, калі ты чыноўнік, асабіста набліжаны да Лукашэнкі.

Ад старшыні Наваполацкага гарвыканкаму да кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Бліскучая карʼера Наталлі Качанавай не аднойчы была прадметам медыйных спекуляцыяў. Як выявілася цяпер, уражваць можа не толькі хуткасць, з якою чыноўніца ішла да ўсё вышэйшых пасадаў, але і здольнасць за мінімальна кароткі тэрмін развязваць асабістыя пытанні. Да прыкладу жыллёвыя.

«Гісторыя Наталлі Качанавай сведчыць пра тое, што апроч звычайнай чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоваў фактычна існуе яшчэ адна дадатковая, у якую просты смяротны патрапіць не можа», – кажа галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч.

Такія высновы робяць незалежныя медыі ў выніку журналісцкага расследавання. Дасюль на старонцы Менгарвыканкаму Качанава фігуруе ў спісе асобаў, якія чакаюць на паляпшэнне жыллёвых умоваў. Нумар чыноўніцы ў чарзе ажно 10531. Улічваючы, што ў спісе Наталля Качанава зʼявілася толькі летась у чэрвені, чакаць давядзецца доўгія гады. Але, відавочна, не ў гэтым выпадку. Як высветлілі журналісты, у чарзе дзейная кіраўніца адміністрацыі прэзідэнта прастаяла ўсяго некалькі месяцаў. Ужо ў кастрычніку 2016 года Менгарвыканкам вылучыў ёй участак пад забудову ў Драздах.

«Іншае пытанне, чаму яе не паставілі на ўлік для атрымання кватэры ў нейкім шматпавярховіку, а далі адразу ўчастак пад дом. Гэта выклікае пытанні, гэта карупцыйны складнік, таму што ніякай дакументальнай перавагі ў яе няма», – кажа галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч.

Такім чынам, чыноўніца з поспехам абагнала тысячы жыхароў сталіцы і шматлікія шматдзетныя семʼі. На момант інтэнсіўных змаганняў за жытло Наталля Качанава займала пасаду віцэ-прэмʼера. Ва ўрадзе яна курыравала пытанні сацыяльнай сферы. З ейных вуснаў неаднойчы можна было пачуць, што будаўніцтва для шматдзетных семʼяў – гэта адзін з прыярытэтаў дзяржавы. Пасля прыняцця «дармаедаўскага дэкрэту» Качанава актыўна далучылася да барацьбы з сацыяльным утрыманствам.

«Мы будзем ствараць новыя працоўныя месцы, але і людзі мусяць зразумець, што мусяць працаваць. Галоўнае ў гэтай працы справядлівасць і справядлівае стаўленне да людзей», – гаварыла яна.

Як сведчыць жыллёвая гісторыя Наталлі Качанавай, чакаць справядлівасці ад высокіх дзяржаўных чыноўнікаў пры дзейным кіраўніцтве не даводзіцца.

Жыхары Менску:

«Усюды карупцыя, усюды толькі свае». (03:40)

«У першую чаргу трэба думаць пра звычайных людзей, а пасля пра органы кіравання. Усе роўныя». (00:30)

«Чаму звычайныя людзе, якія стаяць у чарзе ўсё жыццё не могуць атрымаць жытло? У іх па 2-3 дзяцей. Ім патрэбнае жытло».

Дразды на ўскрайку Менску даўно сталіся сімвалам праўладнай эліты ў Беларусі. За апошнія дзесяць гадоў дазвол на будаўніцтва ў Драздах атрымалі каля сотні асобаў, набліжаных да Лукашэнкі. На якіх падставах вылучаюцца ўчасткі і колькі каштуюць элітныя катэджы чыноўнікаў – усё гэта шчыльна хаваецца ад грамадскасці. Значная частка жыхароў нашай краіны чакае на жытло дзесяцігоддзям

Ян Бабіцкі belsat.eu