Як наступствы эпідэміі адаб'юцца на беларускіх прадпрыемствах


Ратаваць айчынныя прадпрыемствы і макрафінансавую стабільнасць – мэта беларускага ўраду ў крызісныя часы. Што праўда, сваімі сіламі не атрымаецца. Афіцыйны Менск заняты пошукам сродкаў, дзе гэта толькі магчыма.

Улады Беларусі актывізаваліся ў пошуку крэдытных сродкаў. Толькі цягам гэтага тыдня высокія чыноўнікі згадвалі дапамогу ад Еўразійскага ды Еўрапейскага фондаў стабілізацыі і развіцця, Сусветнага банку, Міжнароднага валютнага фонду ды шэрагу іншых арганізацыяў.

«Імаверны абʼём сродкаў, якія мы можам атрымаць сёлета ад МВФ, складае ад 500 да 900 млн долараў. Яны ёсць крыніцай для забеспячэння агульнай макрафінансавай збалансаванасці», – кажа Максім Ермаловіч, міністр фінансаў.

«Належыць хутка адаптаваць дзейнасць Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця і Еўразійскага банку развіцця пад актуальныя патрэбы гаспадаркі. Фонду трэба паставіць задачу і даць права аператыўна прымаць рашэнні аб спрошчаным парадку вылучэння дапамогі», – мяркуе Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Розныя крыніцы фінансавання – розныя ўмовы і мэты. Напрыклад, мільярд долараў, па які да Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця звярнуўся першы віцэ-прэмʼер Дзмітрый Круты, можа пайсці толькі на падтрыманне тых, хто ўжо ўдзельнічаў у праектах гэтага банку.

«Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця гатовы вылучаць сродкі пад, як бы гэта сказаць, немалы адсотак. То бок гэта не будзе ільготнае крэдытаванне», – кажа Аляксандр Заяц, эканамічны аглядальнік TUT.BY.

Глабальны крызіс, як вынік пандэміі, ужо прывёў да істотнага росту беспрацоўя ў шэрагу краінаў свету. Толькі ў ЗША больш за 10 мільёнаў амерыканцаў засталіся без працы. Беларусь, у адрозненне ад развітых эканомік, не зможа пераадолець крызісу без вонкавай дапамогі.

«Беларусь сутыкнулася са складанасцямі ў рэфінансаванні ўласных даўгоў. У прыватнасці, зараз замёр сусветны рынак еўрабондаў, а таксама праблемы з атрыманнем міждзяржаўных крэдытаў ад Расеі», – кажа Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату».

Ёсць у руках беларускіх чыноўнікаў яшчэ адзін інструмент дапамогі, пра які ў інтэрвʼю газеце «СБ. Беларусь Сегодня» распавёў экс-прэмʼер Міхаіл Мясніковіч, – друк незабяспечаных грошай. Цяпер па гэтую захаду па ўсім свеце сягае ўсё больш урадаў. У мінулым яе неаднаразова выкарыстоўвалі і ўлады Беларусі. Але яна мае і адваротны бок.

«Мне могуць запярэчыць, што гэта негатыўна адабʼецца на курсе нацыянальнае валюты ды інфляцыі. Так, гэта праўда. Але трэба падтрымаць сферу матэрыяльнае вытворчасці ды паслугаў. І плаўна выйдзем з крызісу», – упэўнены Міхаіл Мясніковіч, кіраўнік Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Пытанне толькі ў тым, хто атрымае гэтую дапамогу: як і заўсёды, стратныя дзесяцігоддзямі дзяржаўныя гіганты ці тыя, хто зможа ў посткрызісны час стацца драйверам росту?

«Існуе вялікая рызыка, што грошы, надрукаваныя ў Беларусі для ўратавання эканомікі ў гэты крызісны час, на самой справе пойдуць у неэфектыўныя і часта карумпаваныя схемы падтрымкі дзяржаўных прадпрыемстваў, якія самыя па сабе нежыццяздольныя і, хутчэй, тармозяць эканоміку, чым яе ажыўляюць», – кажа Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату».

У той жа час ратаваць беларускі сярэдні і малы бізнес урад не спяшаецца. Нягледзячы на тое, што на сёння ў ім занятыя 40 % ад усяго працаздольнага насельніцтва, ніякага канкрэтнага пакету дапамогі прадпрымальнікі дагэтуль не пабачылі.

Ігар Кулей, «Белсат»