Як на загад Лукашэнкі прыбіраюць гнілы ўраджай


Калі ля шасэйных дарог палі даўно выглядаюць дагледжанымі, то іншыя, што на ўскрайках, дасюль заставаліся некранутыя. Гэтак кукурузныя плантацыі на Гомельшчыне да першага снегу прыбраць не паспелі. Несабранаю заставалася кукуруза, капуста ды бульба і на Віцебшчыне. Хутчэй жа скончыць восеньскія палявыя працы, а менавіта да стагоддзя Кастрычніцкае рэвалюцыі загадаў Аляксандр Лукашэнка.

Каб паспець да вызначанага дня, у рэгіёнах былі кінутыя ўсе сілы

У Пастаўскім раёне на Віцебшчыне спяшаліся гэтак, што выкарчавалі дрэвы, каб пашырыць дарогу для праезду тэхнікі.

«Сёлета дзяржаўныя ўсе ўстановы, недзяржаўныя, людзей прасілі, і загадвалі – везлі на лён, убіралі», – дзеліцца ферме Уладзімір Іванковіч з Пастаўскага раёну.

Цалкам выканаць заданне не ўдалося

Блізу вёскі Хрыстова дажджы разбілі глебу і зрабілі немагчымым заезд у поле. Чаму прыбірання не зрабілі да змены кліматычных умоваў?

«У нас жа ж толку ніколі не было, і цяпер няма. То камбайн ламаецца, то яшчэ якія прычыны. Тут многа чаго, на што няма адказу пакуль што», – па-простаму тлумачыць жыхар вёскі Люцыян Шчасны.

«Раней было лягчэй уручную нешта зрабіць – лён падняць, лён убраць, калі было шмат людзей. Зараз у нас – пустыня. Вёска вымірае такімі тэмпамі, што дзіву даешся, навошта гэта дзяржаве, каб усе ў горад ламіліся? Ну, мусіць ім так выгадней, каб людзі там боўталіся, а ні ў вёсцы. Пакуль не вырашыцца пытанне прыватнай уласнасці на зямлю, людзей не затрымаць», – дадаў фермер Уладзімір Іванковіч.

Не абмінулі загаду Лукашэнкі і ў Кармянскім раёне на Гомельшчыне

Працы на некаторых аб’ектах трываюць і сёння.

Прыбіраць лён, які праз сырое надворʼе пачаў гніць, скіравалі гэтак званы працоўны дэсант – два аўтобусы працаўнікоў Гомсельмашу, Гомельскага шклозаводу, дзяржаўных службоўцаў. Выправілі на працы і трактарыстаў з Ельску ды Добрушскага раёну. Апошнія на сваёй тэхніцы дабіраліся па 200-300 кіламетраў праз усю вобласць. Праўда, аплату рабочым ніхто не гаратнаваў.

Разлічыцца з іншымі бюджэтнікамі – настаўнікамі, медычным персаналам, працаўнікамі гарвыканкамаў і райвыканкамаў – за працу ў выходныя гэтак жа абяцалі або за кошт адгулаў, або не гарантавалі зусім.

Юлія Лабанава, «Белсат»