Як Масква кампенсуе бруд у «Дружбе»?


Беларусь і Расея дамовіліся пра кампенсацыю за брудную нафту ў нафтаправодзе «Дружба». Але ўсцяж няма дамоўленасці аб кошце транзіту расейскай нафты праз тэрыторыю Беларусі. Расейскія медыі паведамляюць, што бакі «прыпынілі перамовы» на гэты конт. Калі ж скончыцца чорная паласа ў перамовах пра чорнае золата?

Апошні год – стрэсавы для беларускіх НПЗ. Праз уліванне бруднай сыравіны ў нафтаправод «Дружба», стаяла вытворчасць, экспарт і транзіт. Аляксандр Лукашэнка тымі днямі наведваў «Нафтан»:

«Гэта аснова эканомікі, і ад таго, ці будуць працаваць гэтыя заводы, залежыць жыццё шматлікіх беларусаў».

Сёння, на 9-м месяцы пасля інцыдэнту, дамовіліся з Масквою «аб падыходах і методыцы кампенсацыі стратаў» – без падрабязнасцяў паведаміў беларускі бок. Аднак дагэтуль няма сёлетняга кантракту на нафту і коштаў на транзіт. Расейскае выданне «Коммерсантъ» піша:

«Масква і Менск, якія да гэтага часу не ўзгаднілі памер тарыфу на транзіт нафты па нафтаправодзе «Дружба» праз Беларусь, прыпынілі перамовы, паведамілі некалькі крыніц «Камерсанту», знаёмых з сітуацыяй».

Калі да канца месяца не дамовяцца, ад 1 лютага тарыф на транзіт павысіцца аўтаматычна на прагнозны памер – 6,8 %. Менск патрабуе павысіць стаўку на 16,6 %, у якіх, уласна, улічыў таксама страты ад леташняга забруджвання.

«Альтэрнатывы расейскай нафце, нават паводле даражэйшага кошту, на якую спасылаюцца прадстаўнікі нашай улады, няма. Яна заўжды будзе таннейшая за кошт транспартнага пляча і яе якасці, яна не самая высокая, як вядома», – лічыць эканаміст Сяргей Жбанаў.

Летась розніца коштаў на расейскую нафту сусветнага і «для Беларусі» складала 92 долары. Сёлета за кошт падатковага манеўру Крамля для нашай краіны чорнае золата мае падаражэць на 20 %. Беларусь спрабуе збіць цану на 10 долараў за тону пры закупе 18 мільёнаў тон. Інакш давядзецца шукаць альтэрнатывы – пагражаў кіраўнік Беларусі ў апошнія дні мінулага года, застаўшыся без кантракту на наступны. Намякаў пра магчымасць перакрыць транзіт «Дружбаю»:

«Калі рынак у 25 млн тон нафты і 22 мільярды кубоў газу (г.зн. расейскі рынак – рэд.) сыдзе кудысьці – вы на мяне не крыўдуйце».

Па тэрыторыі Расеі «Дружба» ідзе адным шляхам. У Бранску нафтаправод разгаліноўваецца на два, пракладзеныя праз паўночную і паўднёвую частку тэрыторыі Беларусі. Далей транзіт у аб’ёме 60 млн тонаў ідзе ва Украіну, Венгрыю, Польшчу, Нямеччыну, Славакію, Чэхію…

Расея ў адказ на спыненне транзіту можа закруціць вентыль і перанакіраваць частку аб’ёмаў з «Дружбы» у свае парты, – разважаюць у Маскве. Гэта аднак непрымальна для краінаў атрымальніц нафты:

«Калі былі першыя прапановы перакрыць транзіт праз беларускую тэрыторыю, мы патэлефанавалі ў Нямеччыну праз пасольства і спыталі, як яны ставяцца да таго, каб у Растоку перарабіць экспарт нафты на імпарт. Нам адказалі, што скрайне адмоўна ставяцца, бо стан такі, што нафту неабходна атрымліваць па «Дружбе», – кажа эканаміст з Масквы Мікалай Круціхін.

Сёння ў поўным абʼёме ўзнавілася транзітнае перапампоўванне нафты ў Польшчу. Некалькі дзён транзіт быў абмежаваны на палову – праз рамонт трубаправоду на адцінку Мазыр – Берасце. Работы распачаліся пасля спынення паставак расейскай нафты на беларускія прадпрыемствы.

Юлія Цяльпук belsat.eu