Як Магілёў адзначыў 100 гадоў БНР


Магілёў – адзіны губернскі горад, які 100 гадоў таму падтрымаў абвешчанне Беларускае Народнае Рэспублікі ў Менску. Было гэта 31 сакавіка 1918 года. Таму асноўныя святкаванні ў Магілёве адбыліся ў гэтыя выходныя: у суботу прайшла экскурсія па мясцінах, звязаных з гісторыяй БНР, а ў нядзелю – урачысты канцэрт.

«Праз тыдзень пасля абвяшчэння ў Менску 25 сакавіка акту незалежнасці, у Магілёве сабралася грамада. 400 чалавек падтрымалі, што мы ідэю БНР павінны ўхваліць, раду цэнтральную прызнаць сваім урадам», – распавядае гісторык Алесь Агееў.

Сход магілёўскае грамады праходзіў у будынку Марыінскай жаночай гімназіі, цяпер тут сярэдняя школа № 1. Менавіта тут актывісты хочуць усталяваць памятную шыльду ў гонар абвешчання незалежнасці БНР.

«Зараз збіраем подпісы за дазволам да гарадскіх уладаў на ўсталяванне дошкі», – зазначыў скульптар Андрусь Вераб’ёў.

Працягнулі адзначаць на ўрачыстым канцэрце

Урачысты выступ адбыўся пры ўдзеле магілёўскага гурта «Lis» і музыкаў Юрася Несцярэнкі ды Андруся Такінданга.

У траўні ў Магілёве мае прайсці Міжнародны круглы стол, прысвечаны стагоддзю незалежнасці краінаў, што калісьці ўваходзілі ў склад Расейскай імперыі.

Вольга Васільева, «Белсат»