Як кіраўнікі постсавецкіх дзяржаваў віншавалі грамадзянаў з Новым годам


Без амбітных мэтаў і адказаў на галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю: сёлетні выступ Аляксандра Лукашэнкі выразна кантраставаў са святочнымі віншаваннямі мінулых гадоў. Чым хваліўся і да чаго заклікаў грамадзянаў у Новы год кіраўнік Беларусі, а таксама ягоныя калегі з постсавецкае прасторы?

У навагоднім звароце Лукашэнка павучаў моладзь не шукаць шчасця за мяжою, школьнікаў заклікаў запрасіць бабуль і дзядуляў на «культурніцкія ды спартовыя імпрэзы», а асноўнымі дасягненнямі года назваў захаванне міру і добраўпарадкаванне вёсак.

«Мы аб‘ядналіся ў імкненні зрабіць кожны куток Беларусі не проста прыгожым, а ўзорным. І ў годзе, што надыходзіць, нам належыць зрабіць усё, каб краіна патанала ў зеляніне і кветках», – гаварыў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Не прагучала мэтаў на будучыню, не хваліўся Лукашэнка ані дыпламатычнымі, ані эканамічнымі поспехамі. А шмат хто з беларусаў хацеў пачуць у прамове адказы на эканамічныя выклікі.

«Для паляпшэння Беларусі, каб жыць лепш было».

«Пабольш удзяляць часу росквіту гораду».

«Будзем бачыць, што ў гэтым годзе будзе з Пуціным, эканомікай і гэтак далей», – кажуць жыхары Менску.

А вось пра гэта – праблему страты расейскіх нафтавых субсідыяў і заклікі Крамля распачаць «усёабдымную» інтэграцыю – Лукашэнка не сказаў ні слова.

«З тых жа перамоваў у Крамлі, на якія ён два разы з’ездзіў, ён вярнуўся з пустымі рукамі. Яму няма што сказаць, няма адказу на пытанні, якія пастаўленыя перад Беларуссю», – тлумачыць Юрась Губарэвіч, рух «За свабоду».

Не было чым парадаваць сваіх грамадзянаў і ўладару Крамля. Уладзімір Пуцін толькі заклікаў аб’яднацца перад абліччам праблемаў:

«Памочнікаў у нас ніколі не было і не будзе. І таму нам важна быць згуртаванай, адзінаю, моцнаю камандаю».

Гледачоў жа ўкраінскага каналу «1+1», які належыць алігарху Ігару Каламойскаму, з Новым годам павіншаваў зусім не ўкраінскі прэзідэнт.

«Я іду ў прэзідэнты Украіны».

Пра гэта апоўначы заявіў вядомы комік Уладзімір Зяленскі, звязаны, як падкрэслівае шэраг мясцовых СМІ, з тым жа Каламойскім. Выбары ва Украіне адбудуцца ўжо ў сакавіку, таму натуральна, што дзейны прэзідэнт Пятро Парашэнка шмат абяцаў:

«Наперадзе – паступовы рост эканомікі і аднаўлення ўзроўню жыцця. Гэта вынік нашай агульнай карпатлівай працы. Галоўнае – у перадвыбарнай гонцы не затаптаць парасткаў развіцця, прарошчаных цаною вялікіх ахвяраў і каласальных намаганняў кожнага з вас».

Украінцы навагоднія заклікі і абяцанні палітыкаў успрымаюць скептычна.

«Як па мне, гэта ўсё фармальнасці – гэтыя віншаванні».

«Гэта ўсё адно што паглядзець нейкі фільм. Гэта штучна».

«Усё бачна па дзеяннях, якія адбываюцца, па справах. Словы – гэта дробязі», – лічаць жыхары Харкава.

Аднак кіраўнікі постсавецкіх краінаў тэкстам сваіх віншаванняў аддаюць шмат увагі.

«Да чаго ж жыццё цудоўнае, краіна – як прамяністы рай!» – Гурбангулы Бердымухамедаў распавёў грамадзянам пра шчаслівае жыццё ў Туркменістане ўласным вершам.

А вось кіраўнік армянскага ўраду Нікол Пашыньян дабрабытам не хваліўся, затое заклікаў зрабіць 2019-ты годам «эканамічнай рэвалюцыі». Абяцаў прывесці да эканамічнага прарыву і 78-мігадовы кіраўнік Казахстану Нурсултан Назарбаеў:

«Год, што надыходзіць, абвешчаны Годам моладзі. Упэўнены, маладое пакаленне апраўдае наш давер і здолее вывесці Казахстан у лік 30-ці найлепшых дзяржаваў планеты».

Шмат хто паспеў назваць гэтыя словы пацвярджэннем чутак пра сыход бяззменнага лідара Казахстану – Назарбаеў кіруе краінаю з дзевяностага года. Праўда, той абяцаў сысці з пасады яшчэ дзевяць гадоў таму, так што з такімі палітычнымі аксакаламі не варта рабіць хуткіх высноваў.

Аляксандр Папко, belsat.eu