Кіраўніца гандлёвага цэнтру ў Кемерава не прызнала сваёй віны


Дзень нацыянальнай жалобы ў Расеі. У Кемераве адбыліся першыя пахаванні ахвяраў пажару ў гандлёвым цэнтры. Сваякі, знаёмыя і простыя гараджане праводзілі ў апошні шлях 14 загінулых. У Беларусі таксама прыспусцілі сцягі і адмянілі забаўляльныя імпрэзы. У цэнтры сталіцы адбылася акцыя памяці.

Боль і смутак, які разрывае сэрца

8-гадовы Косця, 10-гадовая Маша ды іхная бабуля загінулі ў кінатэатры гандлёвага цэнтру «Зімовая вішня» ў нядзелю. У магілу паклалі мяккія цацкі ды медалі дзяўчынкі – яна займалася спортам і наведвала мастацкія гурткі.

Пакуль жывыя хавалі памерлых, кемераўскі суд абіраў захады стрымання для кіраўніцы гандлёвага цэнтру і ахоўніка, які сядзеў за пультам пажарнай бяспекі. Два наступныя месяцы яны правядуць пад арыштам.

«Я шчыра выбачаюся за тое, што адбылася гэтая трагедыя, гэтая бяда. Я сама маці, я цудоўна разумею, што адчуваюць людзі, якія хаваюць сваіх дзяцей. Я цудоўна разумею, што яны адчуваюць. Але я не хачу абвінавачваць сябе ў гэтым», – заявіла Надзея Судзянос, кіраўніца гандлёвага цэнтру.

Жанчыну абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў – прычыненне смерці паводле неасцярожнасці, парушэнне пажарнай бяспекі ды аказанне паслугаў, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі. Паводле самага цяжкага артыкулу ёй пагражае да 10 гадоў турмы.

У аўторак па ўсёй Расеі адбыліся мітынгі памяці ахвяраў

У самым Кемераве акцыя адбылася каля будынку адміністрацыі. Мітынгоўцы заклікалі губернатара вобласці Амана Тулеева сысці ў адстаўку. Замест гэтага ён запісаў відэазварот, сэнс якога можна перадаць словамі «Пра трагедыю вы ўсё ведаеце. І вакол яе пэўныя сілы мэтанакіравана спрабуюць пасварыць людзей».

Разам з Расеяй сёння смуткуе і Беларусь. На знак салідарнасці прыспусцілі дзяржаўныя сцягі ды адмянілі забаўляльныя імпрэзы. Увечары каля сотні жыхароў сталіцы выйшлі на акцыю памяці з белымі балонікамі.

Беларусы нясуць кветкі да амбасады Расеі

Міністэрства надзвычайных сітуацыяў заявіла, што знайшлі ўсе целы загінулых у пажары. Лік усё той жа – 64 асобы, у тым ліку 41 дзіця. Шмат хто ў Кемераве ды іншых гарадах Расеі не верыць у афіцыйныя лічбы.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Yuri Maltsev / Reuters / Forum