Як каментуюць украінскія палітыкі прыняцце «Формулы Штайнмаера»?


Украіна – на парозе новага палітычнага крызісу. Супярэчлівыя рэакцыі выклікала згода Кіева ўрэгуляваць сітуацыю на Данбасе паводле «Формулы Штайнмаера». Адныя кажуць, што насамрэч мае месца «формула Пуціна», іншыя – бачаць надзею на завяршэнне крывавага канфлікту. Сваё меркаванне ўкраінцы, як у іх прынята, выказваюць публічна – у тым ліку на Майдане.

Ганьба, капітуляцыя, расейскі сцэнар – гэтак дзеянні ўладаў успрыняла частка ўкраінскага грамадства. Нацыяналісты аб’явілі пра дзяржаўную здраду ды распачалі бестэрміновую акцыю пратэсту. Аднак занепакоенасць сёння выказваюць не толькі прадстаўнікі радыкальных рухаў. Другі вечар запар на Майдан выходзяць людзі.

Паводле формулы, на акупаваных тэрыторыях Данбасу пачне часова дзейнічаць Закон аб асаблівым статусе. Адбудзецца гэта падчас правядзення мясцовых выбараў. Калі ж міжнародныя назіральнікі АБСЕ пацвердзяць, што выбары адбыліся згодна з высокімі стандартамі, закон пачне дзеяць на пастаяннай аснове.

Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Украіны:

«Вельмі важны момант. Закон аб асаблівым статусе Данбасу дзеіць – вы ведаеце, што ён ёсць і дзеіць, – да 31 снежня 2019 года. Будзе новы закон, які парламент будзе распрацоўваць у цеснай супрацы і пры публічным абмеркаванні з грамадствам».

Паводле Зяленскага, адначасова дасягнутая дамоўленасць пра развядзенне войскаў і знішчаныя апошнія перашкоды для правядзення саміту «Нармандскай чацвёркі». Аднак традыцыйныя апаненты новага прэзідэнта не лічаць, што Украіна наблізілася да міру.

Пятро Парашэнка, партыя «Еўрапейская салідарнасць»:

«Ім нічога не далі, ім прапанавалі толькі факт сустрэчы. Гэта рызыка. Украіна рызыкуе заплаціць капітуляцыяй».

Эксперты тлумачаць: формула сама па сабе «капітуляцыяй ды здрадаю» не ёсць. Пры слушна выстаўленых умовах ды прадуманых дэталях выбары на Данбасе могуць стаць крокам да вяртання акупаваных тэрыторыяў Украіне. Бо ні Францыя, ні Нямеччына не зацікаўленыя ў тым, каб Украіна знішчыла сама сябе.

Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні:

«Украіна кажа: вось тут мы рэалізуем шэраг праектаў, у тым ліку на Данбасе, тут могуць зарабіць французы, тут немцы, тут амерыканцы. Але для гэтага нам трэба бяспека, не ўлазіць у фінансаванне Данбасу на пэўную колькасць гадоў. Гэткі рацыянальны падыход зразумелы, у тым ліку бізнес-элітам Еўразвязу».

Аднак часу для стварэння новых стратэгіяў і данясення іх да людзей у новых украінскіх элітаў усё менш. А пратэставыя галасы, да якіх далучаюцца асноўныя палітычныя партыі, выгадныя ў тым ліку тым, хто намагаецца палярызаваць сітуацыю ў краіне і аслабіць дзяржаўныя інстытуты, кажа эксперт.

Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні:

«Калі правільна раскачваць сітуацыю, можна выклікаць канфлікт і ўнутры фракцыі партыі «Слуга народу», і канфлікты паміж рознымі сацыяльнымі групамі ва Украіне. На гэта будзе працаваць Расейская Федэрацыя праз таго ж Медведчука і ягоныя каналы».

І працаваць, магчыма, цалкам паспяхова. Бо, як паказала апытанне сацыялагічнай групы «Рэйтынг», ажно дзве траціны насельніцтва Украіны пакуль не ў стане ацаніць «Формулу Штайнмаера» і разважаць пра яе ўплыў.

Адэля Дубавец belsat.eu