Як Іран будзе помсціць за смерць Салеймані?


Пахаванне іранскага генерала Касэма Салеймані перанеслі на пазнейшы час. Падчас цырымоніі развітання ў цісканіне загінула прынамсі паўсотні чалавек. Тым часам іранскія палітыкі вырашаюць, як адпомсціць ЗША за ліквідацыю генерала. Ці дойдзе да адкрытага ўзброенага канфлікту?

Пасля жалобных урачыстасцяў па ўсёй краіне цела камандзіра сілаў «Кудс» Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі Касэма Салеймані прывезлі ў Керман, каб нарэшце пахаваць. Але вакол пахавальнага цяжкавіка адбылася цісканіна, дзясяткі людзей загінулі на месцы. Дзяржаўнае тэлебачанне толькі мімаходам паказала машыны хуткай дапамогі. Трагічныя кадры апублікавалі блогеры.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Тым часам у іранскім парламенце Меджлісе пад крыкі «Смерць Амерыцы!» прынялі тэрміновы закон аб санкцыях супраць Вашынгтону за тое, што ў Іраку Салеймані ўзарвалі ракетаю з амерыканскага дрона.

«Усе тыя, хто загадваў выканаць гэтае злачынства і выконваў яго, Пентагон і ўсе ягоныя войскі, лічацца тэрарыстамі», – абвесціў з трыбуны спікер Меджлісу Алі Лярыджані.

Заадно дэпутаты ўхвалілі павелічэнне бюджэту сідаў «Кудс» на € 200 млн. На форуме «Тэгеранскі дыялог», які адбываецца ў сталіцы, таксама гучалі пагрозы адпомсціць Амерыцы за ліквідацыю галоўнага сілавіка.

«Злучаныя Штаты мусяць атрымаць канчатковы і непазбежны адказ за свае абуральныя дзеянні, і ў той час, і ў тым месцы, дзе будзе найбольш балюча», – заявіў прысутным міністр замежных справаў Ірану Мухамэд Джавад Зарыф.

Які будзе гэты адказ, большасць экспертаў «Тэгеранскага дыялогу» не ўяўляе. Хутчэй за ўсё, размова пра палітычныя і дыпламатычныя крокі, а таксама пра дэманстрацыю гатовасці ўжыць сілу.

«Літаральна цяпер была панэль, на якой абмяркоўвалі пытанні Ірану, Катару, Саудаўскай Аравіі, і ўсе прыйшлі да высновы, што цяпер празмернае абвастрэнне нікому не выгаднае», – распавёў «Белсату» усходазнаўца і палітычны аналітык Андрэй Бузараў, які прысутнічаў на дыскусіі.

Тое самае і з дамоваю аб ядравай праграме Ірану. Улады краіны абвесцілі, што выходзяць з пагаднення аб абмежаванні распрацовак, але адмысловы доступ інспектарам у атамнай энергетыцы МАГАТЭ пакуль не адмянілі.

«Трэба паглядзець, што адбудзецца ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы. Ці дапускае Іран інспектараў МАГАТЭ? Ці выйшлі яны з Пагаднення аб нераспаўсюдзе ядравай зброі? Ці ўзбагачаюць яны ўран, вышэйшы за 20%, да ўзроўню збройнага ўрану? Цэнтрыфугі якога тыпу яны выкарыстоўваюць? Трэба глядзець, што робяць іранскія ўлады, а не толькі тое, што заяўляюць», – мяркуе кіраўнік НДА «Міжнародная крызісная група» Робэрт Мэлі.

Тэгеран пакідае адчыненае акно для дыпламатыі, каб абмеркаваць зняцце або паслабленне міжнародных санкцыяў.

«Сапраўды, на сёння няма паўнавартаснага выйсця (з пагаднення), хутчэй, імітацыя. Мяркую, Тэгеран паказвае гатовасць выйсці. І некаторыя краіны, напрыклад, Еўразвяз, паспрабуюць адгаварыць Тэгеран ад выйсця з гэтай дамовы», – распавёў Андрэй Бузараў.

Шлях дээскалацыі канфлікту на Блізкім Усходзе стане тэмаю пазачарговай Рады Еўразвязу ў замежных справах у гэтую пятніцу. Але перамовы ў Бруселі ўжо ідуць.

«Мы ўсё яшчэ мяркуем, што гэта важнае пагадненне, якое не дазваляе Ірану мець ядравую бомбу. Але мы не будзем стаяць і глядзець, як Тэгеран абвяшчае выхад з дамовы», – заявіў перад пачаткам перамоваў міністр замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас.

А Вашынгтон застаецца на сваёй пазіцыі: Салеймані панёс адказнасць за дзеянні праіранскіх тэрарыстаў і шыіцкіх баевікоў у рэгіёне. Пентагон рыхтуецца адбіць любую атаку. Як дэманстрацыя сілы: 6 стратэгічных бамбавальнікаў В-52 перадыслакаваныя з авіябазы Барксдэйл у Луізіяне на выспу Дыега-Гарсія ў Індыйскім акіяне. Гэта 3700 км ад Ірану – малая дыстанцыя для «лятучых крэпасцяў» (Stratofortress), але непераадольная перашкода для іранскіх ракетаў.

Яраслаў Сцешык belsat.eu