Як дзяржава працаўладкоўвае «дармаедаў»?


Паводле афіцыйнай статыстыкі, беспрацоўных у Менску – 0,1 адсотка, паводле экспертаў – значна больш. Каб зрабіць з «дармаедаў» працоўных, дзяржава арганізуе кірмашы вакансіяў.

Пяцідзесяцігадовы Алег Лапацін звольніўся з заводу электрамантажных вырабаў з прычыны адсутнасці працы і заробкаў: працоўны тыдзень скарачаўся на дзень, затым на два. Працу шукае ўжо месяц, таму і прыйшоў на кірмаш вакансіяў.

«Толькі завод Вавілава зацікавіўся, але не паводле маёй спецыяльнасці – кіроўцы пагрузчыка, а грузчыка-кіроўцы – спалучаць трэба. Я гэтага не баюся, я мужчына дужы, здаровы, я адчуваю ў сабе сілы працаваць і зарабляць: ад 800 рублёў – гэта нармальна. Я буду капаць, зямлю грызці, але на 400 рублёў не пайду. Тупа сядзець я не хачу – я хачу працаваць і шукаю працу», – кажа беспрацоўны Алег Лапацін.

Колькі людзей знаходзіць працу на кірмашы вакансіяў, у міжраённым аддзеле працаўладкавання паведаміць адмовіліся. Цікавімся ў рэдкіх наведнікаў, спрэс сталага веку:

«Нічога там асабліва няма, там толькі тры прадстаўнікі ўсяго. І нармальнай працы няма. У мяне будаўнічая спецыяльнасць, а тут такога няма».

«Спрабаваў, але тут таго, што мне пасуе, я не знайшоў. Толькі праз знаёмых, праз газетныя абвесткі знаходжу іншы раз».

«Я на пенсіі – мне б што-небудзь лягчэйшае, а ў іх такога няма. 300, 350, 400 рублёў – больш не даюць».

Паводле камітэту занятасці насельніцтва Менгарвыканкаму, у сталіцы каля 17 тысяч вакансіяў, з якіх 10 тысяч месцаў для рабочых прафесіяў і 7 тысяч месцаў для спецыялістаў. Перадусім не стае будаўнікоў, прадаўцоў і кіроўцаў. А таксама медсясцёр, інжынераў і дактароў. Таму беспрацоўе – толькі частка праблемы на рынку працы, кажа адмыслоўца.

«У нас ёсць такая з’ява, як працоўная галеча: людзі працуюць, але гэта не гарантуе таго, што ім будзе хлеб з маслам. Таму працаваць трэба не толькі з беспрацоўнымі, але і з тымі, хто мае працу: узровень адукацыі не адпавядае прапановам, а адукацыя сама не адпавядае рынку працы і попыту працадаўцаў. І сувязі паміж імі няма», – кажа дырэктар школы маладых менеджараў SYMPA Наталля Рабава.

Паводле Мінстату, колькасць незанятага насельніцтва ў Беларусі складае 0,5 адсотка працаздольных жыхароў. Але гэты падлік вядзецца паводле колькасці зваротаў у аддзелы занятасці. Бальшыня ж беспрацоўных туды не звяртаюцца, бо дапамога складае 26,5 рублёў на месяц.

У раёнах, дзе падлік вёўся паводле стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы, рэальнае беспрацоўе зафіксавалі прыкладна для 5 % працаздольных грамадзянаў, бальшыня якіх – у рэгіёнах краіны.

«Дзяржава ўпарта не хоча прызнаваць праблемы, і што адбываецца: беспрацоўных значна больш, ціск людзей, непрацаўладкаваных на вакансіі, значна павялічваецца, і тыя, хто хоча сябе рэалізаваць і знайсці годнае месца паводле адукацыі, кваліфікацыі і ўзросту – яны проста зʼязджаюць з краіны», – тлумачыць старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Кірмаш вакансіяў ды прэзідэнцкія дэкрэты «Аб спрыянні занятасці насельніцтва» – гэта толькі няўдалыя спробы развязаць праблемы на рынку працы, кажа адмыслоўца. Для змяншэння рэальнага беспрацоўя неабходныя грунтоўныя змены – і перадусім у эканоміцы.

«Рэкамендацыі тут стандартныя: лібералізаваць асяродак для вядзення бізнесу, рэфармаваць рынак працы, па-ранейшаму патрабуе рэформы пенсійная сістэма. Патрэбнае падтрыманне моладзі, і не ў выглядзе размеркавання, а ў выглядзе магчымасцяў і для адукацыі, і для вядзення свайго бізнесу, а таксама для ўладкавання на дзейныя прадпрыемствы», – працягвае Наталля Рабава.

Адмыслоўцы адзначаюць, што праблема беспрацоўя не ўнікальная для Беларусі, але ўнікальнасць заключаецца толькі ў нежаданні ўладаў беспрацоўе прызнаваць ды прымаць патрэбныя захады для развязання праблемы.

Галіна Абакунчык, belsat.eu