Як дзейнічаць, калі згарэла жыллё?


У Гомлі – надзвычайнае здарэнне. У апёкавым аддзяленні гарадской больніцы пацыент пасля выпіскі ўчыніў самагубства. Шасцідзесяцігадовы мужчына, жыхар Жлобінскага раёну, лекаваўся ў апёкавым аддзяленні пасля пажару, падчас якога згарэла ягонае жытло.

«Канечне, у нейкі момант ён адчаяўся. Можа, праз 10-20 хвілін ён і не зрабіў бы гэтага, а ў гэты момант – раз, падступіла».

«Ад безвыходнасці, атрымліваецца, ён кідаецца ў гэта».

«Сэнс жыцця ў людзей губляецца».

«Няма дапамогі напэўна, не хапае дапамогі», – каментуюць жыхары Гомля.

У шпіталі пра хворага адгукаліся як пра зычлівага і ветлівага пацыента. Цяпер Гомельскі аддзел Следчага камітэту праводзіць праверку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі радыё «Свабода», сваякі не маглі ці не хацелі забіраць пагарэльца з больніцы.

«Калі б я адна жыла, я б напэўна таксама скінулася. Калі ў мяне дом згарэў, я сказала: лепш бы я згарэла, калі шчыра. Але мяне сын падтрымаў, і брат, і ўсё. А дзяржава нічым не дапамагла», – кажа жыхарка Гомля.

Што дапамогі ў першую чаргу трэба шукаць у блізкіх людзей – лічаць усе нашыя суразмоўцы:

«Напэўна, блізкія людзі павінны паведаміць кудысьці, што чалавек у такой сітуацыі, звярнуцца кудысьці».

«Я ў першую чаргу лічу, што гэта сям‘я, то бок паклапаціся пра сябе сам у першую чаргу, але канечне, і дзяржава».

Ад пачатку года пажары ў Беларусі знішчылі больш за тысячу будынкаў, пашкоджаных – у чатыры разы больш. Толькі цягам мінулых содняў адбыліся 23 пажары. Дзве асобы загінулі, чацвёра пацярпелі, пашкоджана 16 будынкаў. Што ж рабіць, калі тваё жытло згарэла? Куды ісці па дапамогу, і ці варта разлічваць на дзяржаву?

«Я нават не ведаю, куды можна звярнуцца ў такім выпадку – усе адпіхнуць. Хутчэй добрыя людзі дапамогуць, чым дзяржава».

«У сацабарону звычайна звяртаюцца, я так лічу».

«Думаю, у райвыканкам і аблвыканкам».

Так, звяртацца трэба да мясцовых уладаў. Паколькі кожнае жытло ў нашай краіне абавязкова страхуецца, то нейкую частку стратаў пагарэльцу пакрыюць страхавыя выплаты. Леанід Судаленка, праваабаронца:

«Трэба ведаць, што калі ў чалавека няма іншага жытла, а жытло пасля пажару не прыдатнае для пражывання, то дзяржава абавязаная выдзеліць такому чалавеку або сям’і сацыяльнае жытло. І дзяржава выдзяляе».

У выпадку, калі пагарэлец самотны, мясцовыя ўлады самі маюць узяць яго пад апеку, зазначае праваабаронца. Пацярпелыя ў пажары могуць разлічваць на разавыя матэрыяльныя выплаты і гуманітарную дапамогу ад сацыяльных службаў. Але на практыцы ўсе гэтыя варыянты не заўсёды спрацоўваюць.

«Мне сказалі, ідзіце куды хочаце, вам ніхто не дапаможа, мне сказалі. Мы ў райсабес хадзілі. У райвыканкам ідзіце. Пайшлі – яны сказалі: мы нічога», – кажа жыхарка Гомля.

Перажыць пажар – напэўна тое ж, што пачаць жыццё з нуля. Кагосьці такі стрэс змусіць да дзеяння, але кагосьці можа і зламаць, асабліва калі няма побач ні блізкага чалавека, ні адпаведнай дзяржаўнай службы.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu