Як, дзе і з якім настроем сустракаюць Новы год беларусы?


За некалькі гадзінаў да святкавання Новага года на вуліцах становіцца менш мінакоў. Адны робяць у крамах пакупкі, іншыя з дзецьмі, пакуль не сцямнела, наведваюць спектаклі ды гуляюць каля ялінак. Бліжэй да паўночы пачынаюцца традыцыйныя віншаванні.

Менск з кожным годам усё больш набліжае святкаванне Новага года да еўрапейскай традыцыі. Калі за савецкім часам беларусы навагоднюю ноч праводзілі за сталом з галоўнымі атрыбутамі – шампанскім і аліўе, то цяпер усё больш гараджанаў сустракаюць новы год на вуліцы.

«Наколькі я сам заўважыў і ў самога жаданне з’вілася сустракаць Новы год не ўдома, а так, як прынята ў Еўропе, у нармальных цывілізаваных краінах, калі людзі выходзяць на вуліцу і сустракаюць Новы год разам».

«Да 00:00 мы пабудзем удома сям’ёй, а пасля з жонкай і дзецьмі пойдзем на ялінку, туды, дзе больш людзей. Спадзяёмся салют паглядзець нармальна хаця б адзін раз, а то раней было туды не прабіцца».

Сёлета гараджане за гадзіну да новага года могуць сустрэцца каля ялінкі на Кастрычніцкай плошчы. Той выпадак, калі за келіх шампанскага на вуліцы ў пастарунак не забяруць. А пасля святочнага феерверку можна накіравацца на кірмаш каля Палацу спорту. Каб павіншаваць гараджанаў са святам, неабавязкова ехаць у цэнтр гораду – каля ялінак у мікрараёнах таксама адбудуцца арганізаваныя імпрэзы.

«Спадзяюся, што гэты год будзе найлепшы, самы радасны і ўсё кепскае застанецца ў мінулым».

«Каб усё было добра. І самае галоўнае, каб верылі ў цуд. Калі вы верыце ў цуд, то тады ўсе цуды будуць здзяйсняцца».

«Ганарыцца тым, што мы жывём у нашай краіне. Напэўна, нам усім гэтага не хапае. Я гэтага зычу».

«І не быць свінкамі ў адносінах адно да аднаго».

«Былі нягоды, няўдачы. Але трэба імкнуцца да лепшага. Шукаць нечага лепшага».

Вядомы рэжысёр савецкага кінематографу, аўтар навагодняга фільму «З лёгкім парам, або Іронія лёсу» Эльдар Разанаў казаў: «У прыроды няма кепскага надвор’я». І гэты выраз як ніколі пасуе да таго, што адбываецца ў горадзе. Дождж, які ідзе час ад часу, не псуе настрою людзям у рыхтаванні да любімага свята.

Любоў Лунёва, belsat.eu