Як даведацца, што ты «дармаед»? Гайд па базе беспрацоўных


Праект уліку беспрацоўных завершаны. Цяпер усе дармаеды краіны – у базе на адзіным партале электронных паслуг.

Гэтак, асобы, якія туды трапілі, ужо неўзабаве пачнуць плаціць у поўным памеры за гарачую ваду і ацяпленне.

Жыхары Менску:

«Нашая камуналка, якую я плачу са зніжкай, і без таго дастаткова высокая, хаця я адна, у мяне няма дзяцей, але для мяне гэта адчувальная ў бюджэце страта».

«База – хочаш ты, не хочаш, а цябе туды прыцягваюць. За мяжою няма дармаедаў, ёсць беспрацоўныя, і ім плацяць дапамогу. А ў нас – абдзіралаўка».

«Ну, гэта няправільна ў любым выпадку. Трэба людзям працу даць, каб яны зараблялі грошы ды плацілі падаткі, вось і ўсё».

Атрымаць інфармацыю ў базе можна толькі адносна сябе. Для аўтарызацыі грамадзЯнін мусіць найперш атрымаць логін і пароль ад уласнага кабінета. Зрабіць гэта можна праз асабістую прысутнасць і з дакументам, што пацвярджае асобу, у службе «адно вакно» пры адміністрацыі ў кожным паселішчы або ў Нацыянальным цэнтры электронных паслуг у Менску. Паслуга мае быць бясплатная, калі не рэгістраваць электроннага лічбавага подпісу.

Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік радыё «Свабода»: «Быў момант, калі здавалася, што ўлады адступілі, але досвед паказвае, што ўлады, калі не адчуваюць вялікага супраціву, адступаць не збіраюцца і не любяць. Таму яны складаюць базу дармаедаў, таму будзе спаганяць з гэтых дармаедаў грошы».

Першапачатковы дэкрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства Лукашэнка падпісаў у красавіку 2015-га года. Паводле яго, беспрацоўныя грамадзяне мусілі працаўладкавацца або сплаціць падатак дзяржаве, што супярэчыць канстытуцыйнаму праву на працу. Пасля таго, як на вуліцы па ўсёй краіне выйшлі незадаволеныя грамадзяне, дэкрэт пераглЕдзелі. Аднак, паводле праваабаронцаў, праблема прымусовай працы засталАся. Да таго ж пад дзейнасць новага дэкрэту рызыкуюць трапіць больш грамадзянаў, чымся ранейшыя 500 тысячаў.

Алег Волчак, цэнтр «Прававая дапамога насельніцтву»: «Калі пра камунальныя плацяжы казаць, то за мільён людзей – можа быць такое. З улікам мігрантаў, якія перабываюць (у нас ёсць здагадка, што каля двух мільёнаў выехалі з краіны на заробкі), шмат у каго няма як пацвердзіць дакументы, як яны там працуюць».

Што праўда, пра тое, каго залічылі ў дармаеды, грамадзяне даведаюцца і б(я)з базы, а папросту з жыроўкі. Адбудзецца гэта, імаверна, у лютым, паведамілі ў камісіях па каардынацыі працы з незанятымі ў эканоміцы. Абскардзіць рашэнне і вызваліцца ад аплаты камунальных паслуг у поўным памеры можна праз зварот у тую ж камісію. Толькі вось разлічваць на станоўчае рашэнне можна будзе толькі ў вЫпадку, калі чыноўнікі палічаць вашую жыццёвую сітуацыю сапраўды складанаю.

Юлія Лабанава, «Белсат»