Як «дармаедам» абараніць свае правы


Да атрымання высокіх жыровак застаецца 2 месяцы, а беларусы ўжо шукаюць ратунку ад дзеянняў улады ў праваабаронцаў. Апошнія зазначаюць – механізм змагання з гэтак званымі дармаедамі неадпрацаваны. І раяць не здавацца, а адстойваць свае правы.

Як пераадолець беспрацоўе? Жыхары сталіцы раяць уладам што заўгодна, абы не караць за адсутнасць працы:

«Развіццём прадпрымальніцтва, напэўна. Асабістаю ініцыятывай».

«У першую чаргу ствараць працоўныя месцы. Беспасярэдне там, дзе людзі жывуць».

«Забяспечыць годны заробак. Каб не з’язджалі на заробкі ў іншую краіну. Маё меркаванне такое. – А гэта магчыма? Ці рэальна такое ў нашай краіне зрабіць? – Смяецца».

Затое цалкам рэальна запісаць паўмільёна нашых суайчыннікаў у дармаеды. Тлумачыць Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў:

«Гэта нонсэнс, гэта парушэнне Канстытуцыі ды ўсіх міжнародных абавязкаў Рэспублікі Беларусь. Такіх прэцэдэнтаў фактычна няма. Ёсць, я не памятаю, у нейкай афрыканскай краіне падушны падатак, гэта калі ты жывеш у краіне, ты павінен нешта сплочваць».

Грамадзяне, якіх непакоіць рэалізацыя дэкрэту нумар 1, ужо звяртаюцца па дапамогу да праваабаронцаў. Алег Волчак, юрыст, «Прававая дапамога насельніцтву»:

«Урад сам да канца не разабраўся, як гэтую працэдуру зрабіць камфортна, зручна, не пакрыўдзіць людзей. Атрымалася так, што чалавек вымушаны плесціся, стаяць, забіваць нейкі пароль сабе выдумляць».

Паводле Алега Волчака, улады нічога не могуць патлумачыць. Напрыклад, як засведчыць, што ты працуеш за мяжою, не раскрыўшы асабістай інфармацыі, пра якую беларускім органам ведаць не абавязкова. Пытанні ў адмыслоўцаў выклікае і кампетэнтнасць камісіяў, якія надзялілі паўнамоцтвамі прымусова скіроўваць гэтак званых дармаедаў у лекава-працоўныя прафілакторыі.

«Гэтыя камісіі могуць не мець у сваім складзе адмыслоўцаў, нейкіх лекараў», – кажа Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Тым, хто трапіў у дармаедаўскія спісы, праваабаронца Алег Волчак раіць закідаць выканкамы лістамі ды прымусіць чыноўнікаў адказваць на невыгодныя пытанні:

«Паставіць 20-30, у некага, можа, і 40 пытанняў знойдзецца. Чаму ён трапіў у гэтую базу, на падставе чаго, чаму парушаецца Канстытуцыя? То бок чалавеку трэба праявіць фантазію, раз так дзяржава [сябе паводзіць] і шчыльненька задаць столькі пытанняў».

Чакаецца, што ўжо ў лютым беларусы, запісаныя ў дармаеды, атрымаюць жыроўкі з нацэнкаю за гарачую ваду. Праваабаронцы раяць абскарджваць завышаныя тарыфы ў судовым парадку. Бо падстава для іх – спрэчны з Канстытуцыяй дэкрэт. У 2017 уладам ужо давялося адступаць пад ціскам вулічных пратэстаў. Ці ўдасца паўмільёну беларусаў зноў абараніцца ад прымусовых платаў за адсутнасць працы на Радзіме?

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu