Як дапамагаюць віцебскім медыкам


Тысяча шапачак і бахілаў, дзясяткі масак і рэспіратараў. Віцебскія валанцёры развозяць у больніцы сродкі аховы і гігіены.

«Заяўкі паступаюць толькі ад начмедаў, ад галоўных дактароў і галоўных медсясцёр. Бо толькі так сродкі ставяцца на баланс больніцы. Тое, што адвозяць валанцёры ва ўстановы аховы здароўя, не губляецца і ў прыярытэтным парадку раздаецца», – кажа каардынатарка кампаніі #ByCovid19 па Віцебскім рэгіёне Ірына Траццякова.

Толькі кіроўцаў у рэгіянальнай ініцыятыве некалькі дзясяткаў. Адзін з іх – Мікіта – штодня ездзіць па чатырох–пяці адрасах.

«Усім кіроўцам прапаноўваюцца маршруты, зручны час па магчымасці, і кіроўцы за свой кошт і гаручае аплочваюць, і свой асабісты час трацяць, але ўзамен мы атрымліваем структуру, якая функцыянуе і дае вынікі», – расказвае валанцёр.

Шчыткі ды іншыя сродкі аховы для медыкаў сюды прывозяць таксама і з Менску. Сталічныя валанцёры яшчэ ў пачатку красавіка зарганізавалі іх збор. А мясцовыя швачкі шыюць бахілы, нарукаўнікі і супрацьчумныя касцюмы.

«Людзі ахвяруюць нам спанбонд, з гэтага спанбонду каманда закройшчыц робіць нарыхтоўкі. Вось такія нарыхтоўкі, і па гэтых нарыхтоўках нашыя швачкі шыюць супрацьчумныя касцюмы», – расказвае валанцёрка Валерыя.

Да ініцыятывы далучаюцца і ўстановы харчавання. Арт-паб «Торвальд» ужо больш за тыдзень бясплатна корміць штодня прыблізна 70 медычных працаўнікоў. Установа пачала гатаваць абеды за свой кошт, пазней далучыліся ахвярадаўцы. Цяпер «Торвальд» збірае грошы ў інтэрнэце, каб працягнуць і павялічыць колькасць абедаў.

«У нас у меню, напрыклад, альбо салатка «Цэзар», або грэцкая, гарбузовы крэм-суп ці грыбны крэм-суп, свежая садавіна і гародніна. Гэта паўнавартасныя комплексы, такія ж, як мы аддаем паводле меню ў самым Торвальдзе», – кажа ўласнік пабу «Торвальд» Віталь Броўка.

Дапамога аб’яднала людзей з розных грамадскіх рухаў. У тым ліку і тых, хто актыўна браў удзел у мітынгах супраць інтэграцыі з Расеяй.

«Іх дзяржава ўзнагародзіла штрафамі па 30 базавых велічыняў, некаторых не аднаразова, а некаторых і шэсць разоў. А між іншым, гэтыя людзі ўключыліся ў валанцёрскі рух і дапамагаюць усім, чым можна, у тым ліку і сродкамі», – расказвае праваабаронца Павел Левінаў.

Таксама віцебскія праваабаронцы звярнуліся да мясцовых уладаў, каб прадстаўніка грамадскага руху ўлучылі ў штаб барацьбы з распаўсюдам каронавіруса. Аднак пакуль зварот застаўся без адказу.

Наста Кахановіч, «Белсат»