Як будзе даражэць бензін?


Кошты, як у Расеі. «Белнафтахім» плануе давесці цану на паліва да ўзроўню як ва ўсходніх суседзяў. Аднак пакуль што ў гэтым працэсе робяцца вельмі сціплыя, хоць і рэгулярныя, крокі. З сённяшняга дня ўжо другі раз з пачатку года кошты на бензін і дызпаліва павысіліся на адну і дзве капейкі адпаведна. Ці стануць падвышэнні больш значнымі ў будучым?

Агульнае падвышэнне коштаў бензіну з пачатку года – тры капейкі.

Пры пэўных умовах бензін можа і таннець. У дзяржаўным канцэрне нафты і хіміі афіцыйна заявілі пра запуск новага механізму коштаўтварэння.

«Гэты механізм у залежнасці ад зменаў сітуацыі на нафтавым рынку прадугледжвае магчымасць карэктавання коштаў на нафтапрадукты як у бок павелічэння, гэтак і зніжэння», – адзначылі ў «Белнафтахіме».

Пакуль тэндэнцыя толькі росту, хоць і нязначнага.

АІ-92 з сёння каштуе 1 рубель 22 капейкі, 95-ты – рубель трыццаць. Дызель падаражэў на дзве капейкі.

«Гэта неістотнае падаражэнне. Яно, вядома, адаб’ецца на паслугах грузавога транспарту, пасажырскага транспарту. Але гэта такое капеечнае падвышэнне і гэта не так страшна ў параўнанні з тым, што наперадзе, калі адбудуцца некалькі павышэнняў. Вось там будзе больш адчувальна», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Зраўняць кошт бензіну з расейскім – такую задачу паставіў «Белнафтахім». Цяпер розніца складае каля 10 %. За літр АІ-95 у суседзяў трэба заплаціць на 12 капеек больш, чым у Беларусі – 1 рубель 42 капейкі ў эквіваленце. За мінулы год паліва для беларусаў ужо даражэла сем разоў на агульную суму ў пяць капеек. «Белнафтахіму» такія нязначныя сумы падаюцца недастатковымі – з пачатку года цана на нафту «Уралс» павысілася амаль на чвэрць – да 66 долараў за барэль.

«Толькі каб кампенсаваць рост кошту нафты, неабходна ўзняць цэннік на бензастанцыях на 23 %. Ці як мінімум прывесці беларускія цэны на аўтамабільнае паліва да парытэту з цэнамі расейскага рынку, якія вышэй на 7 – 11 %», – адзначае Андрэй Рыбакоў, намеснік старшыні «Белнафтахіму».

Да парытэту ўжо даводзяць, таму не выключаная і рэалізацыя праграмы максімум – узняцце коштаў на чвэрць. Пытанне, ці сапраўды будуць зніжаць кошты, калі нафта патаннее? Эканаміст Леанід Заіка ўвогуле не давярае цэнаўтварэнню ад беларускіх нафтавых арганізацыяў:

«Норма прыбытку ў нафтеперапрацоўцы нават у савецкія гады была 29 %. Ніводны бізнесмен не можа займацца гэтым відам дзейнасці, бо гэта манапалізаваная сфера. 29 %. А калі нашыя дырэктары заводаў пішуць, што ў іх норма прыбытку 3 %, то яны проста махляраць з выдаткамі, коштамі».

Ці ёсць у беларусаў планка кошту бензіну, за якой карыстанне ўласным аўтам становіцца надта дарагім?

«Даражэй двух рублёў – гэта будзе значнае падаражэнне. І будзе нявыгадна, вельмі нават нявыгадна», – адказвае бабруйскі кіроўца.

Эксперты бачаць у вельмі плаўным павышэнні коштаў і палітычную прычыну. Тэма аўтамабільнага паліва, як паказалі пратэсты стоп-бензін, у грамадстве лёгказапальная.

Таццяна Рэут, belsat.eu, фотаздымак на застаўы да відэа belnovosti.by