Як беларусы салідарызуюцца з палітычнымі вязнямі


Гарадзенца Уладзіміра Навуміка затрымалі напрыканцы траўня пасля пікету з удзелам Сяргея Ціханоўскага. Яму, як і вядомаму блогеру, выставілі абвінавачанне за нібыта ўдзел у дзеяннях, што парушаюць грамадскі парадак, ды іх рыхтаванне. Учора яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. І жонка актывіста бязмерна ўдзячная дапамозе людзей.

«За дапамогу, за падтрымку, тое, што знайшлі час і жаданне дапамагчы мне ў маю цяжкую хвіліну ў жыцці. Мне гэта вельмі дапамагло, я стала мацнейшая духам», – кажа жонка Уладзіміра Віталія.

Толькі за апошнія два месяцы было арыштавана больш за сто дваццаць актывістаў. Дзвесце сорак асобаў атрымалі штрафы. Шмат у якіх сем‘ях адзіны кармілец цяпер за кратамі. Таму беларусы арганізавалі збор фінансавых сродкаў на дапамогу сваякам вязняў і аплату штрафаў палітычных актывістаў. Ужо сабралі 110 тысяч долараў.

«Чалавек павінен даслаць нам заяўку. Мы апрацоўваем толькі тыя заяўкі, якія нам адпраўляюць. Я б сказаў, 100 заявак у нас ёсць. Але так, колькасць штрафаў павялічваецца, і ў нас яшчэ ніколі пасля кампаніі не заставалася грошай – хутчэй, заставаліся незакрытыя штрафы», – кажа Аляксей Лявончык, арганізатар краўдфандынгу.

Былы палітычны зняволены Павел Вінаградаў раіць прынамсі дасылаць паштоўкі, хоць яны і не ўсім даходзяць. Тым не менш, гэта паказвае службоўцам, што пра зняволеных – памятаюць.

«Людзі, якія працуюць у турмах, яны ж бачаць, як падтрымліваюць тых, каго яны ахоўваюць, яны бачаць, што людзі сочаць за іхным лёсам», – кажа Павел Вінаградаў.

Адзін з палітвязняў – палітык Мікалай Статкевіч – з траўня за кратамі. Цяпер яго таксама падазраюць у арганізацыі дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак. Паводле ягонае жонкі, хваля падтрымання сёлета беспрэцэдэнтная. Літаральна за содні беларусы сабралі каля 5 тысяч беларускіх рублёў на дапамогу.

«Вельмі важна, каб пра гэтых людзей не забываліся, інфармавалі грамадства любымі дасяжнымі спосабамі: паведамленнямі ў сацыяльных сетках, улёткамі на стэндах на вуліцах нашых гарадоў», – кажа Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча.

Былыя палітычныя зняволеныя ды іхныя сваякі падкрэсліваюць: вельмі важна маральна падтрымліваць і актывістаў ды іхныя сем’і. Просты спосаб падняць дух – зрабіць для вязня тое, што ён не ў стане зрабіць сам.

«Калі ты сядзіш у турме, у цябе ёсць нейкае пытанне, і калі на волі ты можаш загугліць – і ўсё…Вось так вось яшчэ можна напісаць: калі хочаце, я вам штосьці прагуглю», – кажа Павел.

За кратамі цяпер больш за два дзясяткі палітычных актывістаў. У ізалятарах часовага атрымання, першым следчым ізалятары ды следчым ізалятары КДБ.

Наста Кахановіч, «Белсат»