Аб'ектыў 24.03.2019 Як беларусы пачалі святкаваць Дзень Волі. Кароткая гісторыя


Адзначаць незалежнасць БНР беларускія адраджэнцы пачалі напрыканцы 80-х, у вузкім коле. У вузкім коле працягваюць святкаваць яго і цяпер. Але ў параўнанні з савецкімі часамі, пра 25 сакавіка ведае значна больш беларусаў.

У Савецкім Саюзе незалежнай Беларусі не магло быць у прынцыпе, з ідэалагічных прычынаў. Толькі БССР у складзе сям’і народаў, пад кіраўніцтвам Масквы.

«Я гуманітарый, мастацтвазнавец, далучаны да гісторыі. Але да канца 1980-х гадоў не ведаў амаль абсалютна найноўшую гісторыю Беларусі, гісторыю БНР. Ледзь чуў імёны айцоў незалежнасці», – распавядае сакратар КХП БНФ Валерый Буйвал.

«У школе мы гэтага не праходзілі, і абсалютна гэтая савецкая гісторыя адбівала нас ад сапраўднай гісторыі», – кажа мастак Алесь Марачкін, заснавальнік творчай суполкі «Пагоня».

Адзначаць незалежнасць БНР беларускія адраджэнцы пачалі напрыканцы 80-х, у вузкім коле, часам з выездамі ў лес, на радзіму Янкі Купалы.

Відэарэпартаж Яраслава Сцешыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 24 сакавіка

А першае публічнае святкаванне 25-га сакавіка 1989-га года зладзіў мастак Алесь Пушкін, студэнт Беларускага дзяржаўнага тэатральнага інстытуту.

«Тады прыкладна 120 студэнтаў выйшла, 36 чалавек арыштаваныя. Мяне потым за гэты хэпінінг судзілі, у ліпені 1989 прыгаварылі да 5 гадоў пазбаўлення правоў. Але па сутнасці я 2 гады стаяў на ўліку ў Віцебскім РУУС», – узгадавае мастак Алесь Пушкін.

Як разваліўся Савецкі Саюз, стала вядомая праўда пра Курапаты і ГУЛАГ, у людзей з’явілася цікавасць да гісторыі, і 25-га сакавіка на вуліцы сталі выходзіць сотні і тысячы людзей пад дзяржаўным бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня.

«Ад 1991-га да 1994-га ўсё гэта адбывалася ў няпростых умовах. Але настолькі гэта быў высокі энтузіязм, настолькі была ўпэўненасць у нашай праўдзе, што правакатараў адсякалі, яны выглядалі смешна, і гэта не было праблемай, – працягвае Валерый Буйвал. – Мы тады кожны год 25-га сакавіка арганізоўвалі ў Палацы Мастацтваў выставу, прысвечаную гэтай даце. Было шмат народу, гэта было ўрачыста.

І як толькі рэжым узяў усё ў свае лейцы, дзесьці 2–3 гады пасля 1994 яшчэ працягвалася выстава, а потым усё было закрыта, усё скончана», – дадае Марачкін.

Ад 1996-га года Аляксандр Лукашэнка браў сабе ўсё больш улады, і ўрачыстыя святкаванні праходзілі ў атачэнні ўсё большай колькасці міліцыі, спецназу і спецтэхнікі.

«Памятаем, канешне, 2000-ы год, калі выйшлі мы з метро і бачым, што ў горад увайшла бранятэхніка, бронетранспарцёры, вялікія сілы спецназа, унутраных войскаў, міліцыі. Гэбэшнікі ў мундзірах і без», – кажа Валерый Буйвал. І дадае, што мэтай улады было ператварыць свята незалежнасці ў драму.

Адным з самых крывавых Дзён Волі адбыўся ў 2006-м, калі пасля прэзідэнцкіх выбараў дзясяткі тысячаў чалавек выйшлі на вуліцы пратэставаць супраць фальсіфікацыяў і масавых затрыманняў. Сілавікі выкарысталі піратэхніку, стралялі гумавымі кулямі.

Два гады таму, калі Дзень Волі адбываўся пад знакам сацыяльных пратэстаў, у Менску панавала атмасфера страху. Аднак удзельнікі беларускага адраджэння захавалі надзею, што Дзень Волі застанецца святам, прысвечаным найперш незалежнасці.

«Яно заўсёды мусіць быць вясновае, яно заўсёды павінна быць кожны раз новае», – кажа мастак Алесь Пушкін.

І калі параўнаць з савецкімі часамі, значна больш беларусаў цяпер ведаюць, што за дзень 25-га сакавіка.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары