Як беларускія чыноўнікі робяцца тэлефоннымі хуліганамі

Асіповічы – горад партызанскае славы. Тут падчас Другое сусветнае вайны дыверсанты знішчалі цэлыя эшалоны з гітлераўскімі войскамі і паралізоўвалі дастаўку танкаў на фронт. Але з тых часоў маштаб дыверсантаў здрабнеў, цяпер яны толькі паралізуюць працу сілавых органаў без ужывання выбухоўкі. Гэтак, напрыканцы красавіка жыхар Асіповічаў замінаваў раённы аддзел міліцыі і КДБ. Ніхто не пацярпеў.

«Чалавек затэлефанаваў і паведаміў пра замінаванне мясцовых будынкаў РАУС і КДБ. Працаўнікі выехалі, ніякай выбухоўкі не знайшлі ды высветлілі, хто тэлефанаваў. Адносна яго распачалі крымінальную справу паводле 340-га артыкулу Крымінальнага кодэксу», – праінфармавалі ў Следчым камітэце.

То бок заведама хлуслівае паведамленне пра небяспеку – да пяці гадоў пазбаўлення волі. Як даведаліся незалежныя журналісты, а потым прызналі следчыя, тэлефонным тэрарыстам апынуўся намеснік старшыні Асіповіцкага райвыканкаму Аляксандр Шаўлюга. Чыноўнік курыраваў пытанні ідэалогіі ды адукацыі, працаваў з арганізацыямі БРСМ і «Белая Русь». Аляксандр Шаўлюга змагаўся з траўматызмам і пʼянствам на вытворчасці, з гэтак званым утрыманствам і дармаедствам беспрацоўных.

Пасля фальшывага замінавання Шаўлюгу звольнілі

Здымак і звесткі чыноўніка зніклі з інтэрнэт-старонкі райвыканкаму толькі днямі.

«Чалавек харошы, ведаю толькі з добрага боку. Можа, нейкае зацьменне на яго».

«Хутчэй за ўсё, быў пʼяны».

– падзяліліся з «Белсатам» мясцовыя жыхары.

Пра тое, што Шаўлюга мог быць нападпітку, паведамлялі і ў Следчым Камітэце. Ці мог ён помсціць за штосьці міліцыі ды КДБ, пакуль невядома. Але сам факт інцыдэнту шмат пра што кажа.

У мясцовую ўладу цяпер трапляюць выпадковыя людзі

Чыноўнікаў адбіраюць паводле лаяльнасці, а не прафесіяналізму, мяркуе Віктар Карняенка, былы намеснік старшыні Гомельскага гарадскога савету. А сапраўднага мясцовага самакіравання цяпер проста няма.

«Памятаю часы, калі я сам працаваў у мясцовай уладзе. Тады да мяне ў кабінет можна было проста зайсці і паразмаўляць. Паспрабуйце сёння гэта зрабіць – вы пабачыце міліцыянера», – звяртае ўвагу спадар Карняенка.

Звесткі пра мясцовую ўладу застаюцца закрытымі – гэтак, учынак псеўдамінёра не трапіў у міліцэйскую зводку. Але грамадзяне дапамаглі журналістам даведацца праўду.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: guardian-series.co.uk

Глядзі таксама