Як беларускае малако разбаўляюць вадой. Расследаванне «Белсату»


Задачка для заатэхніка – наколькі вырастуць надоі, калі перавесці палову корму на кукурузу, а палову – на пустазелле? Не будзе малака, кажа Ніна Кароль. Яшчэ нядаўна яна працавала галоўным заатэхнікам у КСУПе імя Валадарскага, былым саўгасе ў вёсцы Барсукі, Кармянскага раёну.

Спадарыня Ніна спрабавала пераканаць кіраўніка гаспадаркі больш выдаткоўваць на якасны корм, дый увогуле, павышаць эфектыўнасць комплексу. Дырэктар патрабаваў працягваць традыцыі саўгасаў: хаваць змяншэнне надояў і прыпісваць правільныя лічбы, каб у райвыканкаме не атрымаць вымоваў. У выніку праз рознае бачанне гаспадарання жанчыну звольнілі, нібыта за невыкананне службовых абавязкаў.

«А з якімі абавязкамі яна не давала рады? Малако яна здавала, як і трэба», – кажа Таццяна Сідарэнка, працаўніца жывёлагадоўчага комплексу.

Але не так, як трэба было дырэктару

У віну галоўнаму заатэхніку паставілі эпізод з Рагачоўскім малаказаводам. Напрыканцы ліпеня адтуль у Барсукі вярнулі 8 тонаў малака, бо ў ім было шмат солі. Малако скісла. Адкуль узялася соль, Ніне Кароль пазней распавяла адна з лабарантак гаспадаркі.

«Яна казала: я больш не магу, дырэктар прымушае ліць шмат вады, каб не паказваць падзёж, таму сыплю соль. Нешта яны там мяшалі і сыпалі соль», – сведчыць Ніна.

Аб прыпісках і развядзенні малака вадой распавядаюць і іншыя

Юрый Карпячкоў таксама звольнены, бо не хацеў хітраваць з прыпіскамі.

«Кіраўнік – Пашкоўскі Аляксандр Сяргеевіч – прымушаў прыпісаць малако штомесяц. Апошні месяц – 16 тон», – даводзіць звольнены лабарант.

Звязацца з кіраўніком камунальнага прадпрыемства не атрымалася

А самыя працаўнікі жывёлагадоўчага комплексу кажуць пра мізэрныя заробкі: Br 300-400 штомесяц за працу 18 гадзінаў на дзень без выходных. А тут яшчэ і патрабаванне прыпісак.

«Я прынцыповы чалавек, я сябрую з законам, не хачу дзесьці займацца здачай скаціны не дзяржаўным арганізацыям, а іншым. Я, па праўдзе кажучы, гэтага баюся», – тлумачыць сваю пазіцыю звольненая Ніна.

Каб аднавіцца на працоўным месцы, спадарыня падала заяву ў суд. А да журналістаў звярнулася, каб справу не замялі на раённым узроўні.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum