Як Беларусь сустрэла 2018 год?


Навагодняя ноч у краіне прайшла спакойна, і надзвычайных выпадкаў у 2018-м пакуль не зафіксавана – паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў. Мы пацвярджаем: ноч прайшла не толькі спакойна, але і святочна. А ў асобных выпадках – яшчэ і надзвычай здаровым чынам.

Пакуль ля Палацу спорту тысячы менчукоў і гасцей нашае сталіцы пад акампанемент зорак эстрады назіралі пятнаццаціхвіліннае агнявое шоу, нашыя камеры ў пошуках святочных пажаданняў рушылі на спантанную імпрэзу на Кастрычніцкай плошчы.

«Жадаю ўсяму нашаму беларускаму народу шчасця, дабрабыту, вялікай любові, кахання і каб нашай зямлі быў мір»

«Каб сябравалі паміж краінамі мы! Каб і вы да нас прыязджалі ў Расею! І прыязджайце на наш завод. У нас завод ДКС у Тверы, да нас беларусы заўсёды прыязджаюць»

«Жадаю вам паболей заробку, добрага настрою, каб вы ніколі не хварэлі, каб людзі часцей выходзілі сюды, бо ўдома нецікава сядзець. Ну і жадаю, каб Аляксандр Рыгоравіч зрабіў людзям толькі дабро».

Не ўсе беларусы пачулі святочны зварот кіраўніка краіны.

Хтосьці ўжо святкаваў каля гарадской ялінкі, а іншыя – прапусцілі н(я) толькі зварот Лукашэнкі, але і навагодняе аліўе ды шампанскае. З паловы на дванаццатую сотня чалавек пры падтрыманні Федэрацыі лёгкай атлетыкі і Клубу аматараў бегу «Вікторыя» планавалі прабегчы цэнтрам гораду ад праспекта Пераможцаў, аднак у апошні момант міліцыя перанесла імпрэзу ажно ў Курасоўшчыну. На сталічную ўскраіну дабраліся каля 50 асобаў.

«Мы збіраемся стартануць са Старога году і прыбяжым у новы год. Паўгадзіны бяжым у старым годзе, я буду бегчы аналізаваць пэўныя памылкі, а ўжо пасля 12 – будаваць планы на Новы год»

«Мы гэтак сустракаем кожны год! Вось маёй дачцы 26 год і мы 26 год бегаем»

Дыстанцыя навагодняга забегу – тры колы па два з паловаю кіламетры.

«Ведаеце, такое выдатнае пачуццё, калі з аднаго году, бяжыш у іншы. Я ўдзячны рабятам за арганізацыю мерапрыемства »

«Я за любую альтэрнатыву ўсяму: сталу, звыклай сустрэчы Новага Года перад тэлевізарам, за сталом, з келіхам. Келіх, ён можа і пасля быць»

«Белсат» жа на новы год падрыхтаваў адразу дзве праграмы. І калі вы развітваліся з 2017-м разам з нашымі вядоўцамі Валярынаю Куставай і Віктарам Шукеловічам, то пашыраная версія аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна «Belsat Music Live». Аліўе Edition» ужо даступная на нашай старонцы – вітайце першы выходны новага года песнямі, што не ўвайшлі ў традыцыйныя выданні праграмы.

 

Усевалад Шлыкаў, «Белсат». Фота – Фота – Viktor Drachev/TASS