Як «бацька» вучыў чыноўнікаў у трактарах разбірацца


Ураджай – у небяспецы, айчынныя аграрыі не паспяваюць яго прыбіраць. Кіраўнік Беларусі на адмысловай селектарнай нарадзе з кіраўнікамі райвыканкамаў. Са словаў Лукашэнкі вынікае, што краіна – ледзь не на мяжы катастрофы.

«У нас процьма безалабернасці і элементарнага разгільдзяйства і недапрацовак, якія ў гэтых умовах недапушчальныя! Цяпер неабходна максімальна напружыцца і прыбраць з палей хлеб, не расцягваючы працы на месяц-паўтары», – зазначыў Лукашэнка.

Такой нарады, як сёлета, не было ўжо пяць гадоў

Пра тое, што без умяшання кіраўніка краіны прыбраць ураджай у Беларусі немагчыма, ведае кожны. Летась Лукашэнка асабіста спраўджваў гатовасць збожжа. А да гэтага распякаў уладальніка кепкі – цяпер віцэ-прэмʼера Міхаіла Русага – за нявыкананыя паказнікі прыборкі лёну. Аднак гэта асобныя выпадкі. Такой нарады, як сёлета, не было ўжо пяць гадоў.

«Калісьці нашым сялянам вельмі падабаліся такія селектарныя нарады – там, начальства шыхтуе, кіруе і гэтак далей. А тут, калі апошнія тэндэнцыі трохі перамясціліся ў іншыя галіны – сучасныя тэхналогіі, айці сектар, Лукашэнка вырашыў нагадаць свайму традыцыйнаму электарату, што ён не забыўся на сялянаў», – патлумачыў філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Ці магчыма «перабраць бульбу без прэзідэнта»?

Са словаў лідара Беларусі, уся віна за спазненне ў зборы ўраджаю – прыкладна на дзесяць дзён – ляжыць на кіраўніках райвыканкамаў. Сёння Лукашэнка ім загадаў, між іншага, не дапусціць, цытата, «сезонных ваганняў коштаў на садавіну і гародніну».

Тым не менш, з году ў год ураджай нейкім чынам збіраецца, часам нават і без селектарных нарадаў.

Для дасягнення ж яшчэ лепшых паказнікаў Лукашэнка надаў кіраўнікам райвыканкамаў надзвычайныя паўнамоцтвы. Адказу на тое, чаму менавіта яны мусяць адказваць за ўраджай, нашыя эксперты не знайшлі. Затое маюць параду для кіраўніка краіны.

«Там быў такі цікавы выраз, маўляў не трэба матацца па раёнам, робячы выгляд, што вы чымсьці кіруеце, а засяродзіцца на адстаючых гаспарадках, дык вось тую самую параду можна даць самому кіраўніку краіны – можа хопіць лазіць па краіне і заняцца тым, чым займаецца прэзідэнт», – падсумаваў спадар Мацкевіч.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: president.gov.by