Як БАТЭ пераўтвараецца ў спартовага антыгероя


Спачатку першы забіты гол у браму БАТЭ падчас заключнага матчу групавой стадыі Лігі Еўропы з лонданскім «Арсеналам». Пазней такіх галоў будзе яшчэ пяць. А вось барысаўцы, на жаль, не заб’юць аніводнага мяча ў браму супернікаў.

«Нешта стараліся, каб атрымалася, але ўсё адно з нападнікамі ў нас вялікая бяда. Не толькі ў БАТЭ, але ўвогуле ў беларускім футболе. Крыўдна нават не тое, што 0:6, а што не ўзялі браму суперніка, ды яшчэ ў сваю забілі», – пракаментаваў вынікі матчу спартовы аглядальнік Алесь Пуціла.

Найвялікшая параза на выязных матчах з 1999-га года

Барысаўскі клуб яшчэ і трапіў у тройку самых горшых камандаў Лігі Еўропы за прапушчаныя мячы. У выніку ўсяго з пяццю баламі барысаўцы занялі апошняе месца ў сваёй групе і завяршылі выступ у турніры.

Сам жа матч, як адзначае брытанскае выданне «Dayli Mail», прайшоў толькі пры напалову запоўненых трыбунах – гэта найгоршы паказнік наведвальнасці ў гісторыі лонданскай арэны «Emirates».

Паразы паразамі, а бізнес неблагі

Нягледзячы на ўсе няўдачы, барысаўцы, тым не менш, зарабілі ў сёлетнім еўракубкавым сезоне больш за € 4 млн. Пры не самым лепшым футболе БАТЭ сёлета паказаў і не самыя ўзорныя дачыненні з заўзятарамі – гэтак, клуб падаў фінансавы пазоў на € 5 тыс. на адрас Максіма Вянгерскага, які падчас папярэдняга матчу з лонданскім «Арсеналам» выбег на поле з бел-чырвона-белым сцягам ды які і без гэтага пазову паплаціўся за свой учынак 10-цю соднямі арышту і буйным штрафам на карысць дзяржавы.

«Людзям надакучыла гэтае чэмпіёнства БАТЭ 12-ць гадоў запар. А плюс у давесак яшчэ гэтыя скандалы, якія часам не вельмі зразумелыя і не вельмі агульнапрынятыя як меры ўздзеяння на сваіх заўзятараў. Рэакцыя на любыя падзеі, любыя скандалы вельмі адмоўна грае на іміджы барысаўскай каманды», – тлумачыць журналіст Зміцер Міцкевіч.

Глеб яшчэ згуляе?

Аднак паводле шчаслівай верагоднасці адзін з найлепшых беларускіх футбалістаў Аляксандр Глеб, які пагадзіўся выступіць за некалі родны клуб у матчы з «Арсеналам» не за грошы, гэтак і не змог гэтага зрабіць. Бадай, ужо пасля першай паловы сустрэчы паўабаронца, седзячы перад тэлевізарам, мог злавіць сябе на думцы, што такое магчымае завяршэнне ягонай карʼеры наўрад ці б стала для яго завяршэннем прыгожым.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum