Аб'ектыў 06.03.2018 Як адрозніць бандыта ад міліцыянта?


Яны нападаюць на ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў, затрымліваюць выпадковых мінакоў і перашкаджаюць працаваць журналістам. Пра тое, што невядомыя людзі ў спартовай вопратцы маюць дачыненне да праваахоўных органаў, затрыманыя часцяком даведваюцца ўжо постфактум. Такі сцэнар можа апынуцца даволі небяспечным.

«Грамадзяне маюць права аказваць супраціў любым супрацьпраўным дзеянням, асабліва не разбіраючыся – хто гэта, міліцыя, ці не міліцыя. Калі яны дзейнічаюць, як бандыты, ім могуць даць адпор», – даводзіць былы суддзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў.

37-мы артыкул крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае, цытата, «памылку, што выключае злачыннасць учынку». Уласна яе летась пятнаццатага сакавіка падчас маршу недармаедаў дапусціў Святаслаў Барановіч. Баксёр-аматар некалькімі ўдарамі паваліў ціхара Арцёма Паўлава, які ўдзельнічаў у затрыманні анархістаў. Цяпер ён чакае судовага рашэння за гвалт у дачыненні міліцыянта. Справу на мінулым тыдні коратка пракаментаваў начальнік збітага ціхара.

«Усе, хто будзе кідацца бараніць, будуць і надалей атрымліваць. Толькі так. Грамадскі парадак непарушны. І грамадзяне, якія жадаюць, павінныя дапамагаць наводзіць парадак, а не перашкаджаць працы міліцыі», – зазначыў Ігар Шуневіч, міністр Унутраных справаў Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнік МУС сам вялікі аматар пераапрананняў

Праўда пераапранаецца міністр у форму НКУС, а не ў цывільную. Шуневіч падкрэсліў, што міліцыі проста неабходная маскіроўка. Былы следчы Алег Волчак нагадвае міністру, калі можна ўжываць цывільны камуфляж.

«Гэта затрыманне падазраваных, затрыманне асобы, што здзяйсняе адміністрацыйнае правапарушэнне, дастаўка асобаў без грамадзянства, што перакрочваюць мяжу, або могуць дастаўляць асобаў у ЛТП», – пералічвае Алег.

Ува ўсіх іншых выпадках праваахоўнікам варта памятаць пра пяты артыкул закону аб органах Унутраных справаў, які кажа аб неабходнасці галоснасці і адкрытасці іхнае дзейнасці. Праваабаронцы выступілі супраць ціхарскай практыкі і заклікалі да адстаўкі міністра Унутраных справаў.

Тым часам прысуд для Святаслава Барановіча будзе агучаны ўжо 12 сакавіка. Пракурор патрабуе для мужчыны чатыры гады пазбаўлення волі.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары