Аб'ектыў 03.11.2018 Як адаб’юцца «самыя жорсткія ў гісторыі» санкцыі супраць Ірану на гаманцах беларусаў


Злучаныя Штаты Амерыкі ў поўным аб’ёме вяртаюць свае санкцыі ў дачыненні Ірану – важнага саюзніка Расеі. Прычынаю Вашынгтон называе падтрыманне Тэгеранам тэрарызму, вайсковую прысутнасць у Сірыі і адмову ад зварочвання ядравай праграмы. У заяве Белага дому гаворыцца, што цяперашнія абмежаванні будуць «самыя жорсткія ў гісторыі». Ці могуць яны адбіцца і на гаманцах беларусаў?

Ужо з панядзелка больш за 700 асобаў, банкаў і судоў, а таксама буйных нафтавых і транспартавых арганізацыяў Ірану адчуюць на сабе самыя жорсткія, паводле ЗША, санкцыі ў гісторыі. Асноўная мэта Вашынгтону – цалкам пазбавіць Іран прыбыткаў ад продажу нафты дзеля стабілізацыі сітуацыі на Блізкім Усходзе.

«Мэта ў тым, каб пазбавіць Іран таго кэшу, які потым ідзе па ўсім Блізкім і Сярэднім Усходзе і праз які фінансуюцца такія непрыемныя зʼявы, як, напрыклад, «ХізбулА» ў Ліване, як тыя ж хусіты ў Емене, ну і, вядома, рэжым Башара Асада ў Сірыі», – кажа Яўген Красулін, адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях.

Гэта другая хваля санкцыяў супраць Ірану. Першая пачалася сёлета ў траўні, калі Трамп вывеў ЗША з дамовы 2015 года, назваўшы яе шкоднаю для амерыканскіх інтарэсаў.

Паводле адмыслоўцаў, сутнасць адноўленых санкцыяў заключаецца ў тым, што грошы за экспарт тавараў з Ірану будуць паступаць на адмысловыя рахункі за межамі краіны. Выкарыстаць сродкі можна будзе толькі ў гуманітарных мэтах.

«То бок Іран не здолее іх выкарыстоўваць для фінансавання арганізацыяў, якія прызнаныя тэрарыстычнымі, ён не здолее, як лічаць, моцна развіваць сваю ядравую праграму», – лічыць Яўген Красулін, адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях.

Мяркуюць, што некаторыя амерыканскія саюзнікі атрымаюць права ўсцяж закупаць іранскую нафту пры ўмове, што пастаўкі будуць скарачацца. Поўны спіс такіх краінаў абвесцяць у панядзелак.

«Мы хочам дамагчыся максімальнага ціску, але разам з гэтым працуем над тым, каб не нашкодзіць сябрам і саюзнікам», – адзначыў Джон Болтан, дарадца прэзідэнта ЗША ў нацбяспецы.

Пакуль значнага росту сусветных коштаў на нафту эксперты не прагназуюць – маўляў, краіны ўжо навучыліся адаптавацца да паслясанкцыйных умоваў. Тым больш, пра абмежаванні абвесцілі загадзя. Наступстваў не варта чакаць і нам.

«Калі, вядома, Беларусь не будуць выкарыстоўваць як нейкі варыянт абыходу гэтых санкцыяў. Тады, вядома, можа адбіцца вельмі балюча. Бо пазіцыя Вашынгтону вельмі сурʼёзная ў гэтым пытанні», – прагназуе Яўген Красулін, адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях..

У Тэгеране ж амерыканскія санкцыі называюць часткаю псіхалагічнай вайны Вашынгтону.

«Іранскі народ мусіць ведаць з упэўненасцю, што ўрад не баіцца новых амерыканскіх пагрозаў», – адзначыў Хасан Рухані, прэзідэнт Ірану.

Белы дом заяўляе пра гатовасць зняць абмежаванні, як толькі Іран адмовіцца ад ядравых амбіцыяў ды зменіць свае паводзіны на міжнароднай арэне. Вашынгтон гатовы да заключэння новага пагаднення аб атаме.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары