Як абараніць свой голас на прэзідэнцкіх выбарах?


Права выбіраць прэзідэнта нашай краіны маюць больш за 6 мільёнаў 800 тысяч грамадзянаў. Гэта апошнія падлікі Цэнтрвыбаркаму. Ці можна, аднак, абараніць гэтыя галасы ад фальсіфікацыяў?

Сфатаграфуй свой бюлетэнь і дашлі ў чат-бот праекту «Голас» – гэткім чынам бараніць свой выбар заклікаюць стваральнікі адмысловай онлайн-платформы.

«Мы не захоўваем асабістых дадзеных. У нас выкарыстоўваецца методыка шыфравання нумару тэлефона. І нават мы не ведаем, якія нумары ёсць у нас у базе», – гаворыць прадстаўнік ініцыятывы «Сумленныя людзі» Аляксандр Хоміч.

Публікаваць фотаздымак бюлетэню нельга толькі 9 жніўня да 20 гадзіны. Гэта могуць палічыць забароненай у асноўны дзень галасавання агітацыяй. У астатні час такога абмежавання няма.

«Калі заканадаўства трактуе, што выбары адбываюцца таемна, гэта значыць, што ніхто паміма маёй волі як выбаршчыка не мае права пасягаць на маю тайну галасавання. Але калі я сам ёю распараджаюся, перадаю гэтыя звесткі каму-небудзь, то гэта маё законнае права», – кажа каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч.

У выбарах прэзідэнта Беларусі 9 жніўня ўзяць удзел змогуць больш за 6 мільёнаў 800 тысячаў чалавек. З папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў электарату паменела на больш як 160 тысячаў. Падзяліцца ж здымкам свайго бюлетэню пакуль што гатовыя менш за 500 тысяч выбарнікаў. Жыхары Менску кажуць:

«Якія ініцыятывы? Што можа чалавек зрабіць? Толькі прагаласаваць і ўсё».

«Сумленныя людзі» – я чуў. Напэўна, гэта ўсё, што я чуў. Чуў яшчэ пра праграму, якая ёсць у Viber і Telegram. Я там ужо зарэгістраваўся. І пасля выбараў закіну фотаздымак з бюлетэнем, як яны просяць».

«Чула пра ініцыятыву «Сумленны людзі», пра платформу «Голас», пра «Зубр». Не ведаю, ці могуць яны дапамагчы, але трэба спрабаваць».

«Я сам ва ўчастковай камісіі ўдзельнічаў. Ведаю, як праводзяцца выбары ў Беларусі. Магу сказаць прынамсі пра любую мясцовую камісію выбарчую – там немагчыма фальсіфікаваць галасы».

Што да назіральнікаў, якім дазволяць прысутнічаць на выбарах, працаваць яны будуць у дзве змены – вынікае з тлумачэння Цэнтрвыбаркаму. Аднак незалежным назіральнікам дзвярэй на ўчасткі гэта не адчыніць – мяркуе Уладзімір Лабковіч:

«Усё вырашаецца ў межах пяці арганізацый ці трох, калі датэрміновае галасаванне. Бо там сказана, што прыярытэтна спачатку абзвоньваюцца ў парадку акрэдытацыі. І фармуецца графік у адпаведнасці з тым, хто раней ці пазней прайшоў працэдуру акрэдытацыі. Таму калі арганізацыі, якія ўвайшлі ў першую групу, выказваюць жаданне назіраць, то іншыя могуць нават і не абзвоньвацца».

Тым не менш, праваабаронца заклікае далучацца да назірання, паколькі ацэнка выбарчай кампаніі будзе залежаць і ад таго, ці дапусцяць на ўчасткі ахвотных назіраць за выбарамі.

Анастасія Русецкая, «Белсат»