Ягоны подпіс быў першым пад дамовай аб скасаванні СССР


8 снежня 1991 года Белавескія пагадненні запачаткавалі новую Беларусь. 27 гадоў нашая краіна крочыць шляхам незалежнасці.

Галоўнымі вынікамі Белавежскіх пагадненняў і свайго старшынёўства ў Вярхоўным Савеце БССР Станіслаў Шушкевіч лічыць незалежнасць Беларусі і выдаленне ядравай зброі з тэрыторыі краіны. Менавіта подпіс Шушкевіча стаіць першым у дакуменце аб скасаванні СССР.

«Я ж усведамляў, што мы – калонія Расеі, з якой мяжуем. І, калі прэзідэнт Расеі падпісвае дакумент, што гэта ўтварэнне Садружнасці незалежных дзяржаваў, і прэзідэнт Расеі – галоўная асоба, якой дазволена падпісваць міжнародныя пагадненні, іх падпісвае, то Беларусь становіцца незалежнай ад Расеі дэ-юрэ. Гэта ўпершыню адбылося за дзвесце гадоў – з 1794 года», узгадвае тагачасны старшыня Вярхоўнага савету і падпісант Белавескіх пагадненняў Станіслаў Шушкевіч.

За восем месяцаў да гэтага, у сакавіку 1991 года, камуністычная партыя, што кіравала краінай саветаў, арганізавала ўсесаюзны рэферэндум які, нібыта, прадэманстраваў волевыяўленне народу аб захаванні СССР. Неўзабаве савецкая імперыя абрынулася, але ў вялікай часткі апытаных намі мінакоў засталася настальгія па той краіне.

«Пры Савецкім Саюзе шмат лягчэй было жыць, чым цяпер, хоць і быў дэфіцыт», – кажуць нам.

Белавескія пагадненні сталі працягам гэтак званага «параду суверэнітэтаў» былых савецкіх рэспублік, у якім Беларусь заявіла пра сваю незалежнасць ажно дзясятай – пасля Расеі, Грузіі, балтыйскіх ды іншых савецкіх рэспублік.

«Мы можам атрымаць і сто адсоткаў ахвочых вярнуцца ў Савецкі Саюз. Прыбраць адпаведную інфармацыю, сыдуць людзі, якія памятаюць яго, ну і будуць настальгаваць па нечым іншым: па ВКЛ, па Беларусі», – кажа палітолаг Вольга Харламава.

Хто ведае – мінуць дзесяцігоддзі, дык засумуем і па сённяшняй рэчаіснасці.

Тым не менш, мінуўшчына застанецца мінуўшчынай, як бы часам некаторым і ні хацелася да яе вярнуцца.

Галіна Абакунчык