Ядравая залежнасць. Расейскае ядравае паліва для БелАЭС можа не мець заменнікаў


Праз маўчанне ўлады ў нуклеарных пытаннях, грамадска актыўныя беларусы шукаюць адказаў за мяжою. Міжпартыйны цэнтр шведска-беларускага супрацоўніцтва «Паглыблены дыялог» і беларуская партыя «Зялёныя» правялі 2-дзённую экспертную сустрэчу-экскурсію вакол Ігналінскай станцыі ў Літве.

Патрэбныя ахова і абслугоўванне, выглядае – як вязніца. Гэта сховішча адпрацаваных ядравых адкідаў з Ігналінскай станцыі, якую Літва выводзіць з эксплуатацыі 20 гадоў. У блізкіх да аб’екту гарадах знікаюць працоўныя месцы.

Яўген Шуклін, жыхар Вісагінасу, спартовец:

«З аднаго боку, гэта такая ж ядравая энергетыка – нагляд за гэтымі адкідамі. І па-другое, згодна з вучонымі, у хуткай будучыні будзе распрацаваная навуковая база для выкарыстання ўжо адпрацаванага ядравага паліва, тады будзем мець пад бокам вялікі рэсурс, але толькі калі прыйдзе час».

Цікавая тэма для беларусаў, якія ў год запуску Астравецкай АЭС не ведаюць далейшага лёсу адкідаў з вытворчасці. Міністэрства энергетыкі прызнала, што ў праекце няма пляцоўкі сухога захоўвання адпрацаванага ядравага паліва. А дзеля абыходжання з ім у Расеі будуюць завод. Эколаг Таццяна Новікава кажа:

«Тэхналогія заводу вылучыць уран і плутоній з рэчыва, у якім знаходзяцца сотні небяспечных доўга жывучых актыноідаў, радыенуклідаў. Выцягне толькі цэзій і стронцый і верне ў зашкляным выглядзе… Фантасмагорыя ў чыстым выглядзе, бо так у свеце яшчэ ніхто не рабіў».

Вылучаць асобныя элементы з адкідаў не навучыліся нават у больш развітых тэхналагічна ЗША, Францыі, Вялікай Брытаніі ды Японіі. Перад запускам нуклеарнай рэакцыі беларусы ўзважваюць рызыкі. Сярод сарака дэлегатаў штогадовай сустрэчы «Паглыблены дыялог» у Вісагінасе – эколагі, грамадскія і палітычныя дзеячы, і нікога ад Міністэрства энергетыкі.

«Ужо вядома, што нам трэба будзе захоўваць яго на сваёй тэрыторыі тысячы год. Гэта праблема тэхнічнага і эканамічнага кшталту», – гаворыць Павел Гарбуноў, сябра беларускай партыі «Зялёныя».

Кошты захоўвання адкідаў невядомыя, бо трымаць іх трэба да тысячы гадоў. Паводле еўрапейскіх даследнікаў, праблема беларускага атаму – таксама ў рызыцы выкідаў падчас эксплуатацыі. Еўрапейцы знайшлі спосаб унікаць такой небяспекі.

Чарльс Бэркаў, экалагічны кансультант, Швецыя:

«Еўрапейскія краіны паступова збочваюць з атамнай дарогі развіцця, якою пайшлі 10 гадоў таму. Будаўнічыя кампаніі бяруцца за АЭС толькі праз вялікія субсідыі, а ўрады краінаў такіх грошай не выдаткоўваюць».

Ядравая энергетыка робіць краіну-вытворцу залежнаю ад гаспадара тэхналогіі – ЗША, Кітаю… ці Расеі, як у нашым выпадку і выпадку Украіны.

«Мы сутыкнуліся з тым, што калі мы спрабавалі знайсці замену ядраваму паліву з Расеі, нават амерыканскае не пасавала. І нам давялося мадэрнізаваць свае ядравыя энергаблокі дзеля таго, каб пазбавіцца ад залежнасці», – распавядае Сяргей Марынічаў, украінская партыя «Сила людей».

У апошнія 5 гадоў Украіна выдаткавала больш за мільярд еўраў на развіццё сонечных і ветраных электрастанцыяў. Але захаванне ядравых адкідаў дагэтуль робіць у кааперацыі з Расеяй. Галоўнаю застаецца рызыка аварыі. Уласна, на Ігналінскай станцыі здымалі вядомы серыял НВО «Чарнобыль».

Нават на макеце страшна дакранацца да кнопкі, якая, сярод іншых, магла ўратаваць чарнобыльскі абʼект ад росту магутнасці рэактару і пазбегчы катастрофы.

Юлія Цяльпук, belsat.eu