Яблыкі ў Расею – шанец для кантрабандыстаў вышэйшага звяна? Расследаванне «Белсату»


Беспрэцэдэнтныя магчымасці для беларускіх садаводаў. Як паведаміла напярэдадні афіцыйная прадстаўніца «Рассельгаснагляду» Юлія Мелана, сёлета Беларусь можа паставіць у Расею 200 тысяч тонаў яблыкаў. Гэта ўдвая больш, чым у мінулым годзе, які быў рэкордным для беларускіх экспарцёраў. Але ў чые кішэні трапіць прыбытак ад сакавітага экспарту?

Прафесар эканомікі Леанід Заіка сумняецца, што Беларусь зможа асвоіць гэтую квоту ўласнай садавіной.

«Ураджаю яблыкаў можа сёлета і не быць. Дачнікі кажуць, што ў іх там яблыкаў гэтых няма. Ну, ёсць буйныя гаспадаркі… Трэба сказаць, што Беларусі на гэтыя яблыкі спадзявацца не варта. Трэба сказаць, што Польшча з’яўляецца лідарам», – канстатуе Леанід Заіка.

Для Польшчы асноўным рынкам заўсёды была Расея. Польскія яблыкі забароненыя ў Расеі ўжо пяты год, але заходнія садаводы не разарыліся. Наадварот, палякі павялічылі сваю вытворчасць амаль у паўтара разу ў параўнанні з дасанкцыйным часам.

«Мы мусілі шукаць новыя рынкі збыту. Зараз найвялікшыя спажыўцы нашых яблыкаў – гэта краіны Еўрапейскага звязу. Шукаем таксама рынкі ў Паўночнай Афрыцы, на Блізкім Усходзе», – тлумачыць старшыня польскага Саюзу садаводаў Вітальд Багута.

У 2016 годзе журналісты выдання «Rise Moldova» абнародавалі расследаванне, у якім гаварылася, што прынамсі частка польскіх яблыкаў працягвае ісці ў Расею праз Беларусь, дзе на іх афармляюць кантрафактныя сертыфікаты іншых краінаў.

«Міжнародная карупцыйная схема, у якой былі задзейнічаныя беларускія мытнікі, прадпрымальнікі, фітасанітары, а таксама чыноўнікі з Літвы, Расеі і Малдовы», – падсумоўвае сваё выкрыццё журналіст выдання «Rise Moldova» Уладзімір Тхорык.

Паводле журналістаў выдання «Райз», кантрабанду ажыццяўлялі дзяржаўны «Белмытсэрвіс» і прыватная беларуская кампанія «ТрансПетролБалтык».

«Белсат» працягнуў расследаванне малдаўскіх калегаў і даведаўся, што дырэктарка «ТрансПетролБалтык» Вольга Паўлавец ачольвае таксама фірму «ГазВенчурэ», якая месціцца па тым жа адрасе. А «ГазВенчурэ», у сваю чаргу, уваходзіць у велізарны холдынг «Брэміна Груп» – адзін з найбуйнейшых лагістычных аператараў у Беларусі. Кіруе «Брэміна груп» былы старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту, а да гэтага – віцэ-старшыня КДБ Васіль Дземянцей. А належыць яна Мікалаю Вераб’ю, Аляксею Алексіну і Аляксандру Зайцаву, якія ўваходзяць у найбліжэйшае атачэнне Віктара Лукашэнкі – сына кіраўніка краіны.

«Цяпер у Беларусі існуе велізарны, нябачаны раней, мытны кантрабандны тэрмінал – лагістычны цэнтр, у якім перапакоўваецца прадукцыя, забяспечваецца беларускімі дзяржаўнымі дакументамі», – сцвярджае дэкан Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Андрэй Суздальцаў.

Прафесар, эканаміст Леанід Заіка адзначае: ад кантрабанды еўрапейскіх харчоў у Расею цярпяць перадусім айчынныя вытворцы яблык, якія страчваюць патэнцыйныя экспартныя прыбыткі. А таксама беларускія спажыўцы, бо з прычыны шырокіх паставак польскіх яблыкаў на ўсход, садавіна каштуе даражэй у беларускіх крамах.

«Кантрабанда ніколі не прыносіць карысці апрача шкоды. Карысць толькі тым, хто праскочыў і ўпяндзюрыў яблыкі, грушы там», – падсумоўвае прафесар Заіка.

У дадатак, як выявіла расследаванне «Белсату», ільвіная доля прыбыткаў ад кантрабанды можа абмінаць беларускі бюджэт. Згаданыя вышэй кампаніі «ТрансПетролБалтык» і «ГазВенчурэ» належаць фірмам, зарэгістраваным на Кіпры, куды і ідуць, адпаведна, дывідэнды гэтых структураў.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu