Беларусі давядзецца шукаць новыя рынкі збыту яблыкаў і ігрушаў. Расея закрыла мяжу на ўвоз гэтае садавіны. «Рассельгаснагляд» пад беларускімі сертыфікатамі чарговы раз пабачыў гэтак званую «санкцыёнку». Выпадкова ці не, але пастаўкі прыпынілі праз некалькі тыдняў пасля апублікавання «Белсатам» у праграме «Давайце разбірацца» грунтоўнага расследавання пра кантрабанду садавіны.
Ад выкідання на бытавыя сметнікі да знішчэння будользерамі і спальвання… Змаганне «Рассельгаснагляду» з еўрапейскімі і ўкраінскімі харчамі – эвалюцыянуе з 2015 года. Паралельна разгортваецца імпартазамяшчэнне. Напрыклад на прадпрыемстве «УГМК-Агра» у Сібіры пачалі рабіць сыр з малака сапраўдных французскіх коз.
Ілля Бондараў, дырэктар «УГМК-Агра», Сібір:
«З паліцаў зніклі пэўныя віды тавараў і пачалося імпартазамяшчэнне. Мы атрымалі магчымасць вырабіць гэты сыр і самае галоўнае – прадаць яго».
Якасна і ў дастатковай колькасці замясціць усе харчы – задача складаная. У складзе прадуктаў новага пакалення здараюцца неспадзяванкі. Напрыклад, журналісты «Фантанкі.ру» у Пецярбургу правяралі, што робіцца з тварагом над гарэлкаю…
«Ужо 10 хвілінаў, як падпалілася і гарыць у лыжцы рэчыва, якое мы набылі як 9-адсоткавы «Пскоўскі тварог», – кажа журналістка.
Але відаць лепш так, чым прапусціць праз мяжу варожыя сыры ды фрукты. Цяпер – і беларускія… Сёння першы дзень, як не вязем расейцам нашыя яблыкі ды грушы. Аляксандр Лукашэнка на гэта адрэзаў:
«Самі знаходзяцца пад санкцыямі і асуджаюць гэта, я тут іх цалкам падтрымліваю… І ў той жа час падобнаю зброяй ваююць супраць бліжэйшых сваіх саюзнікаў».
«Рассельгаснагляд» бачыць праблему інакш:
«Рассельгаснагляд у 2018 годзе і ў пачатку 2019-га сістэматычна выяўляў пастаўкі санкцыйнай прадукцыі пад выглядам беларускай у суправаджэнні фітасанітарных сертыфікатаў, выдадзеных фітасанітарнай службай Беларусі».
Служба прасіла ўлады ўзмацніць кантроль за сертыфікаваннем ды хацела б ведаць, колькі яблыкаў ды груш вырошчваюць беларускія прадпрыемствы і ці нашыя гатункі часам не падобныя на санкцыйныя. Эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч:
«Доля санкцыйных яблыкаў пры экспарце ў Расею вельмі вялікая. Імпарт польскіх яблыкаў у Беларусь павысіўся ў разы пасля ўвядзення санкцыяў супраць Расеі. Адпаведна падскочыў і экспарт. Хоць садавіна цяпер схаваная пад беларускімі ці іншымі нееўрапейскімі сертыфікатамі. Пры гэтым беларускія вытворцы адмаўляюцца ад вырошчвання садоў».
Кантрабандай займацца выгадна – зрабілі выснову журналісты «Белсату» у апублікаваным напярэдадні расследаванні, адносна схемаў, па якіх пастаўляльнікі правозяць псеўда-беларускую садавіну… і не толькі.
«Гэта морапрадукты: рыба, кальмары і крэветкі, садавіна тыпу ананасаў, ківі і хурмы, а таксама садавіна», – тлумачыць Станіслаў Івашкевіч.
Якія беларускія тавары да густу расейцам – пералічваюць жыхары Вялікага Ноўгараду: малочныя і кісламалочныя прадукты (асабліва смятана), каўбасныя вырабы, яблыкі і настоечка.
Аб’ёмы санкцыёнкі ацэньваюцца ў сотні мільярдаў долараў. Згодна з Даследчым цэнтрам EAST, «Рассельгаснагляд» спыняе толькі каля 1 % нелегальна ўвезеных харчоў. Толькі ў першыя два гады ўтылізавалі 8872 т. ежы: з іх 326 тонаў – мяса і малако. Наўпроставага дачынення да кантрабанды беларускія ўлады не маюць, лічыць эканаміст Леанід Заіка:
«Гэта даволі небяспечная справа. Калі толькі на нейкім мясцовым узроўні… нейкія дакументы ад мытнікаў схаваць… Магчыма. Што датычыць нейкіх арганізаваных буйных паставак пры пасярэдніцтве дзяржаўных структур – гэта малаімаверна».
Аляксандр Лукашэнка, усведамляючы іміджавыя страты, даручыў высокім чыноўнікам шукаць вінаватых.
Юлія Цяльпук, belsat.eu
Фота: Natalia Fesodenko / TASS / Forum