«Я выходжу за ўсіх, хто сядзіць за падкінутыя наркотыкі». Масавыя затрыманні ў Маскве


Каля паўтысячы асобаў затрымаў расейскі ОМОН падчас несанкцыянаванага мітынгу ў падтрыманне журналіста Івана Галунова. Паводле сярэдняй ацэнкі, у акцыі ўзялі ўдзел каля 3 тысяч чалавек. Інакш кажучы, затрымалі кожнага шостага ўдзельніка.

Аўтазак за аўтазакам вывозіць пратэстоўцаў з раёну Чыстыя пруды. Справу «аб замаху на распаўсюд наркотыкаў у буйным памеры» супраць журналіста выдання «Медуза» закрылі ўчора… «але гэта не падстава дзеля таго, каб нам расслабіцца і ісці па хатах» – кажа адзін з мітынгоўцаў.

Грамадскасць патрабуе справядлівага пакарання праваахоўнікаў, датычных да фабрыкавання гэтай і іншых справаў.

«Не хачу, каб гэтая сякера вісела над маймі дзецьмі. Любому з іх могуць падкінуць наркотыкі на вуліцы, проста таму што патрэбная раскрываемасць. І я выходжу цяпер за ўсіх, хто сядзіць за падкінутыя наркотыкі», – кажа ўдзельніца мітынгу.

Сярод затрыманых – палітыкі і журналісты шэрагу выданняў: «Медузы», «МБХ медиа» тэлеканалу «Дождж», агенцтва Reuters, BBC. Зброя мітынгоўцаў супраць АМАПу – плакаты і адзенне з надпісам «Я/Мы Иван Голунов».

Вызвалены ўчора з-пад хатняга арышту на рашэнне міністра ўнутраных справаў карэспандэнт «Медузы» Іван Галуноў на мітынг не выйшаў:

«Я задаволены, што справядлівасць узяла верх, і крымінальную справу спынілі».

Матэрыялы правярання Службы ўласнай бяспекі МУС у справе Галунова перадалі ў Следчы Камітэт. Але даверу да следства ў людзей няма завочна. Сёння ў раёне Чыстых прудоў сілавікі паказалі пратэстоўцам свой нязменны твар.

Юлiя Цяльпук, belsat.eu